2016-07-21 13:16:00

Прымас Англіі: Англікане лічаць Папу некім надзвычайным


“Англікане лічаць папу Францішка некім надзвычайным”, - сказаў 20 ліпеня 2016 г. у польскай Лодзі Архіепіскап Кентэрберыйскі Джасцін Уэлбі, кіраўнік Англіканскай Царквы. Ён прыняў удзел у сустрэчы з журналістамі падчас фестывалю “Paradise in the City”.

Іерарх з усмешкай сказаў, што сярод англікан Францішак з’яўляецца больш папулярным, чым Прымас Англіі. “Ён мае выключную шчодрасць духа і здольнасць любіць. З аднаго боку, гэта чалавек вельмі ясны, калі гаворка ідзе пра вызнанне веры і тэалагічныя пытанні, а з другога – міласэрны і любячы грэшнікаў”, - сказаў Архіепіскап Кентэрберыйскі. Папа “паказвае Бога і атрыманае ад Яго святло, не асуджаючы людзей, якія маюць цяжкасці”. Кіраўнік англіканаў звязвае з бягучым пантыфікатам вялікія надзеі на хрысціянскае адзінства.

Прымас Англіі таксама выказаў меркаванне адносна самой ідэі моладзевых сустрэч, паколькі прыбыў спецыяльна на Сусветныя дні моладзі. “Я заўсёды хацеў наведаць іх, а прычыны былі тры. Па-першае, у Еўропе наступае рэзкае падзенне ўдзелу моладзі ў жыцці Касцёла, а падчас гэтых сустрэч маладыя хрысціяне могуць выказаць сябе не ў якасці нейкіх эксцэнтрычных і “дзіўных” асоб, але людзей, якія належаць да вялікай сям’і Бога. Па-другое, усе – маладыя і старыя – мы можам абнавіць нашу надзею для ўсёй Еўропы і для ўсяго падзеленага свету. І па-трэцяе, для нас, у Англіі, гэта азначае, што адзінства сям’і Езуса Хрыста з’яўляецца больш важным, чым палітычныя і іншыя рознагалоссі”, - сказаў архіепіскап Уэлбі.

Фестываль “Paradise in the City” у Лодзі з’яўляецца адным з элементаў падрыхтоўкі да Сусветных дзён моладзі ў рамках дыяцэзіяльнага этапу. У ім прымае ўдзел 5,5 тыс. маладых людзей з усяго свету.








All the contents on this site are copyrighted ©.