2016-07-21 14:53:00

Ключнік Ватыканскіх музеяў: сярод ключоў – свая іерархія


Джані Крэа – імя ватыканскага супрацоўніка, якое ніколі не згадваецца ў навінах аб дзейнасці Святога Пасаду. Тым не менш, яго праца вельмі важная і адказная. Ён з’яўляецца ключнікам Ватыканскіх музеяў і ведае прызначэнне кожнага з амаль трох тысяч ключоў.

“У Ватыканскіх музеях – 2797 ключоў: трыста выкарыстоўваюцца для адкрыцця і закрыцця асобных залаў. Астатнія захоўваюцца ў спецыяльным сховішчы і бяруцца штотыднёва, каб праверыць, што замкі і самі ключы ў спраўным стане”, - патлумачыў спадар Крэа.

Па словах галоўнага ключніка Ватыканскіх музеяў, сярод гэтага мноства ключоў існуе свая іерархія – адны больш важныя за другія. “Ёсць ключ номер 1, які адкрывае выхад з Музеяў, потым ключ 401, якім адкрываецца Музей Пія Клеменціна. І затым ёсць ключ без нумара – ім адкрываецца Сікстынская капэла”, - расказаў ён.

Штодня ў 5.45 галоўны ключнік Ватыканскіх музеяў звяртаецца ў Жандармерыю Апостальскай Сталіцы, дзе забірае ключы. Асноўныя ж працоўныя абавязкі падзелены паміж членамі цеснай каманды: у падначаленні спадара Джані Крэа – штат з дзесяці чалавек. Ватыканскія музеі падзелены на чатыры сектары, і кожны ключнік адказвае за адкрыццё дзвярэй у пэўнай зоне комплекса. 

Падзея асаблівай значнасці – канклаў, сход кардыналаў з мэтай абрання новага Папы. Падчас яго ключнік апячатвае ўсе дзверы вакол Сікстынскай капэлы, каб забяспечыць цішыню і канфедэнцыйнасць усяго, што адбываецца ў ёй.

Ватыканскія музеі былі заснаваны на пачатку XVI ст. папам Юліем II. Аб’ядноўваюць 54 галерэі, у якіх сабраны шэдэўры вялікіх мастакоў, скульптараў і архітэктараў. Штогод музеі наведваюць больш за 5 млн. чалавек. Дарэчы, зараз тут працуе выстава, прысвечаная беларускім старажытным іконам.








All the contents on this site are copyrighted ©.