2016-07-20 13:01:00

Святы Пасад аб прынцыпах рэформы Савета Бяспекі ААН


Дэлегацыя Святога Пасаду падтрымала намаганні па рэформе Савета Бяспекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый для яго большай празрыстасці, эфектыўнасці, прадстаўнічасці і падсправаздачнасці. 19 ліпеня 2016 г. назіральнік Святога Пасаду пры структурах ААН у Нью-Ёрку, арцыбіскуп Бернардзіта Ауса прыняў удзел у дэбатах аб метадах працы гэтага органу Аб’яднаных Нацый.

Іерарх нагадаў аб крытычных заўвагах, якія гучаць у апошні час, што нацыянальныя і геапалітычныя інтарэсы перашкаджаюць асноўным функцыям Савета па падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі, а таксама яго своечасовым і рашучым дзеянням па прадухіленні або спыненні здзяйснення генацыду, злачынстваў супраць чалавечнасці і ваенных злачынстваў. У сувязі з гэтым Святы Пасад лічыць, што, у сітуацыях, калі відавочныя злачынствы генацыду, масавыя зверствы і ваенныя злачынствы, пастаянныя члены Савета павінны ўстрымлівацца ад права вета. Патрэбны выразныя і эфектыўныя крытэрыі для
прымяненне прынцыпу “адказнасці за абарону”.

Было б мэтазгодна разгледзець пытанне большай прадстаўнічасці Савета Бяспекі, што будзе лепш адлюстроўваць сучасныя геапалітычныя рэаліі, агучыў ватыканскую пазіцыю арцыбіскуп Ауса. Таксама патрэбна большая празрыстасць, што ўключае ў сябе неабходнасць далейшага ўдасканалення сродкаў і метадаў вядзення дыялогу паміж Саветам Бяспекі і Генеральнай Асамблеяй і іншымі структурамі і партнёрамі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Патрэбна павелічэнне колькасці адкрытых дэбатаў, прызнаючы пры гэтым вялікае значэнне закрытых кансультацый. Прадстаўнік Святога Пасаду звярнуў увагу на неабходнасць забеспячэння справядлівай і выразнай працэдуры ўключэння асоб і арганізацый у спіс санкцый, і іх выключэння адтуль, а таксама разгляду гуманітарных выключэнняў.

Рэформа Савета Бяспекі патрабуе вялікай асцярожнасці, мудрасці, вялікадушнасці і ўдзелу з боку ўсіх, падкрэсліў ватыканскі дыпламат. Любыя значныя змены ў гэтым органе павінны мець на мэце выкананне яго фундаментальнай місіі: эфектыўна гарантаваць міжнародны мір і бяспеку. Гэта ўсё патрэбна для таго, каб пазбавіць нас і будучыя пакаленні ад жахаў генацыду, масавых зверстваў, ваенных злачынстваў і іншых грубых парушэнняў асноўных правоў чалавека і міжнароднага гуманітарнага права.








All the contents on this site are copyrighted ©.