2016-07-20 15:14:00

Ватыканскія СМІ пра сакру Апостальскага нунцыя ў Беларусі


Ватыканскія СМІ паведамілі аб удзяленні біскупскай сакры мансеньёру Габару Пінтэру, новапрызначанаму Апостальскаму нунцыю ў Беларусі. Аб падзеі, якая адбылася ў катэдральным касцёле венгерскага горада Вац, напісала на сваіх старонках “L’Osservatore Romano”.

Св. Імшу ўзначаліў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін. Афіцыйная газета Апостальскай Сталіцы нагадала асноўныя думкі і пажаданні, з якімі падчас гаміліі пурпурат звярнуўся да арцыбіскупа Пінтэра.

Бліжэйшы супрацоўнік Папы падкрэсліў, што ўлада ў Каталіцкім Касцёле грунтуецца на любові. Менавіта на ёй была заснавана моцная сувязь паміж Езусам і яго вучнямі. Гэтая любоў “штодзённа ўзмацнялася ў малітве і пастырскай міласэрнасці” і не дазваляла ўладзе “ператварыцца ў тыранію або ў пошук супакою праз аддаленне ад праблем, якія стаяць перад Касцёлам і яго вернікамі”. Толькі Езус дае прыклад годнага выкарыстання ўлады ў Касцёле, прывяла думкі кардынала Параліна “L’Osservatore Romano”.

Асобна ватыканская газета засяродзілася на словах Дзяржсакратара адносна місіі Апостальскага нунцыя – прадстаўніка Святога Айца і Апостальскай Сталіцы. Гэтае служэнне кардынал Пьетра Паралін параўнаў з “мастом для тых, хто, узрушаны прагай міру і дабрабыту, хоча наблізіцца да Хрыста і да Каталіцкага Касцёла”. Трэба быць “знакам надзеі і еднасці”, каб “заклікаць да супрацоўніцтва паміж усімі людзьмі добрай волі, павагі да правоў чалавека, сярод якіх – права на свабоду веравызнання”, працытавала пурпурата ватыканскае выданне.

Спалучэнне справядлівасці і міласэрнасці будзе пуцяводнай зоркай для арцыбіскупа Пінтэра, на якога ўскладаецца заданне прадстаўляць Святога Айца ў Беларусі, адзначыў пурпурат. Каталіцкую супольнасць гэтай краіны папскі супрацоўнік назваў “жывой і руплівай, якая з радасцю сведчыць сваю адданасць веры”. Ён выказаў упэўненасць, што “прысутнасць і разважлівая дзейнасць” папскага дыпламата “стануць важным стымулам для большай адкрытасці Беларусі да іншых краін, а свету да Беларусі”, напісала “L’Osservatore Romano”.

Ватыканская газета паведаміла аб шматлікай прысутнасці на літургіі прадстаўнікоў Касцёла, дыпламатычнага корпуса і ўладаў Венгрыі, а таксама ўдзеле ў св. Імшы іерархаў і духавенства з Беларусі, у прыватнасці старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў, арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.








All the contents on this site are copyrighted ©.