2016-07-19 14:03:00

Кардынал: Францішак мае шырокае прызнанне


Папа не толькі мае шырокае прызнанне, але ў той жа час сутыкаецца з інтэнсіўнай ўнутрыкасцёльнай дыскусіяй, лічыць кардынал Крыстаф Шонборн. У інтэрв’ю аўстрыйскай газеце “Standard” арцыбіскуп Вены адзначыў, што Францішак, хоць мае “вялікае прызнанне ў асяроддзях, якія не маюць шмат агульнага з Касцёлам, адначасова сустракае моцную, значную ўнутрыкасцёльную апазіцыю, якая актыўна і гучна ўключаецца ў яго крытыку”.

“Пераважная большасць згаджаецца з Папам і задаволена яго дзеяннямі, але ёсць і шмат заклапочаных галасоў”, - сказаў кардынал Шонборн і ўзгадаў звернутыя да яго словы Францішка: “Мы павінны паспрабаваць здабыць сімпатыі ўнутрыкасцёльнай апазіцыі”.

Прызнаючы існаванне ўнутранай палярнасці, кардынал не згодны з спрошчаным меркаваннем, нібыта існуе спрэчка паміж кансерватарамі і лібераламі. “Евангелле не з’яўляецца ні кансерватыўным, ні лібэральным – гэта выклік”, - сказаў іерарх.

Ён звярнуў увагу на тое, што Францішак, рэалізуючы запланаваныя рэформы, наўмысна заахвочвае да дыскусіі і ініцыюе многія працэсы. “Актывуе некаторыя рэчы, і тады пачынаецца ўнутраны рух”, - сказаў старшыня Канферэнцыі Біскупаў Аўстрыі, паказваючы на дзве сесіі Сінода Біскупаў на тэму сям’і, якія мелі месца на працягу апошніх двух гадоў.

Падчас першай, у 2014 годзе, выступленні біскупаў былі вельмі абстрактныя, але ўжо ў 2015 годзе іерархі значна мацней прытрымліваліся рэальнасці. Гэты працэс кардынал Шонборн апісаў як шлях. Змены адбываюцца менавіта на шляху, а не тады, калі ставіцца канчатковая кропка, заўважыў ён.








All the contents on this site are copyrighted ©.