2016-07-16 14:23:00

Святы Пасад нагадаў аб прыродзе чалавечых правоў


Чалавечая годнасць, з якой вынікаюць яго правы, не “прывілегія”, якой можа надзяліць або пазбавіць дзяржава. Гэта праява каштоўнасці чалавека, якую дзяржаўныя ўлады павінны бараніць і ахоўваць, падкрэсліў арцыбіскуп Бернардзіта Ауса. Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры структурах ААН у Нью-Ёрку прыняў удзел у дыскусіі на вышэйшым узроўні на тэму правоў чалавека.

Дэбаты адносна абароны чалавечай годнасці і павагі да фундаментальных правоў чалавека ватыканскі дыпламат назваў вельмі своечасовымі. Мы становімся сведкамі таго, як мірнае насельніцтва пакутуе ад войнаў і канфліктаў, людзі ператвараюцца ў аб’екта продажу для паднявольнай працы, прастытуцыі і гандлю чалавечымі органамі, прадстаўнікі этнічных і рэлігійных меншасцяў падвяргаюцца пераследу і вынішчэнню, нагадаў ватыканскі дыпламат. Ён выказаў занепакоенасць існуючай сітуацыяй, калі людзі выкідаюцца грамадствам на ўзбочыну жыцця – гэтую несправядлівасць мае на ўвазе папа Францішак, калі гаворыць аб “культуры адчужэння”.

Арцыбіскуп Ауса адзначыў наяўнасць этычнага прагрэсу ў сучасным свеце, доказам якому служаць актыўныя дыскусіі і дыялог на тэму правоў чалавека. Не хапае, аднак, разумення крыніцы гэтых правоў, іх прыроды, дадаў іерарх. Годнасць – гэта праява каштоўнасці чалавека, якую дзяржаўныя ўлады павінны бараніць і ахоўваць, звярнуўся да ўдзельнікаў сустрэчы арцыбіскуп Ауса.

Нарэшце, іерарх перасцярог, што з’яўленне ў апошні час так званых “новых правоў” вядзе да страты дакладнага значэння паняцця “правы чалавека”. Таму неабходна пільнаваць канкрэтнае разуменне тэрміну, інакш грамадства стане выкарыстоўваць яго для задавальнення сваіх “часовых капрызаў”.








All the contents on this site are copyrighted ©.