2016-07-16 12:34:00

Навучальны курс для місіянераў прайшоў у Рыме


Місіянеры маюць падвойную функцыю: з аднаго боку, яны з’яўляюцца “імпульсам” для мясцовага Касцёла, стымулюючы яго да пастаяннага абнаўлення; з другога боку, яны ўяўляюць сабой важны ўклад у справу ўніверсальнасці мясцовага Касцёла. Аб гэтым нагадаў айцец Габрыэле Бэнтоліа, падсакратар Папскай рады пастырства эмігрантаў і падарожнікаў, падчас навучальнага курса, арганізаванага ў Рыме ў мінулыя дні фондам “Migrantes” Канферэнцыі Біскупаў Італіі.

Прадстаўнік ватыканскай дыкастэрыі заклікаў місіянераў “не ствараць паралельнага Касцёла”, гэта значыць “маленькага востраву”, які “фарміруецца і падтрымліваецца” з-за існавання “вялікага востраву”, зачыненага і недаверлівага, складзенага з мясцовага насельніцтва. Толькі адзіная і аб’яднаная супольнасць можа пабудаваць “сапраўдную касцёльную камунію” з прыкметамі супрацоўніцтва і салідарнасці ў барацьбе супраць несправядлівасці і прыгнёту, расавай дыскрымінацыі, эксплуатацыі, незаконнага гандлю людзьмі і чалавечымі органамі, катаванням.

Айцец Бэнтоліа нагадаў, што місійнае служэнне сёння сутыкаецца з “эпахальнай задачай”: пабудаваць новы свет, дзе міграцыя з’яўляецца няўхільна растучай структурнай з’явай. У душпастырстве мігрантаў існуе “феномен мабільнасці”, усё хутка мяняецца, і ў той жа час, мае больш разнастайны і больш складаны характар. 

Для Касцёла выклікам з’яўляецца таксама масавая міграцыя людзей з нехрысціянскіх рэлігій у краіны са старажытнай хрысціянскай традыцыяй. Усё гэта, на думку прадстаўніка дыкастэрыі, вылучае разнастайнае аблічча чалавечага суіснавання, з-за чаго могуць паўстаць непаразуменні і напружанасць. І ў гэтым кантэксце, місіянеры закліканы да абароны чалавечай годнасці і неад’емных правоў кожнага чалавека, павагі да культурных і рэлігійных адрозненняў. Мадэль адзінства ў разнастайнасці, гэта менавіта тое, што місіянеры, якія працуюць сярод мігрантаў, могуць прапанаваць грамадзянскай супольнасці, лічыць падсакратар Папскай рады.








All the contents on this site are copyrighted ©.