2016-07-13 14:25:00

Францішак і міжрэлігійны дыялог


Энтузіястам мірнага суіснавання народаў назваў папу Францішка сакратар Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, біскуп Мігель Анхель Аюса Гішот, а прамовы Святога Айца параўнаў з бальзамам для кожнага, незалежна ад веравызнання, “бо людзі прызнаюць яго аўтарытэт на міжнародным узроўні”.

“Не мінае і дня, каб Францішак не казаў пра міжрэлігійны дыялог, перад аудыторыяй ці падчас прыватных размоў”, - прызнаўся іерарх у інтэрв’ю іспанскаму касцёльнаму выданню “Vida Nueva”. Ён адзначыў, што ў сённяшняй сітуацыі гэты дыялог набывае ўсё большую значнасць. “Чалавецтва паранена, і мы павінны залечваць гэтую адкрытую рану, выкліканую жорсткасцю тэрарыстаў, дыскрымінацыяй, недахопам павагі да першасных правоў чалавека”, - сказаў біскуп Аюса Гішот.

Ватыканскі прадстаўнік заўважыў, якім няпростым з’яўляецца гэты дыялог – “патрабавальным, які вымагае ад нас адстойваць уласную ідэнтычнасць”, бо яе страта вядзе да рэлятывізму. Аб складанасці гэтай місіі не раз папярэджваў і Святы Айцец. “Мы маем патрэбу ў спагадлівасці, каб магчы супрацоўнічаць, пашыраючы ідэю агульнага дабра, братэрства, чалавецтва, якое падзяляе свае надзеі на лепшы свет. Гэта дыялог, які трэба зрабіць гарманічным”, - дадаў біскуп Аюса Гішот. Іерарх звярнуўся да міжнароднай грамадскасці з заклікам распрацоўваць законы, якія б спрыялі падтрыманню справядлівасці і міру ў свеце і выкаранялі насілле.

Рэлігійных лідэраў біскуп заклікаў зыходзіць са “здаровага размежавання” – “глядзець на іншых з павагай, каб зразумець, што ёсць у сэрцы кожнага чалавека”. Гэта важна, падкрэсліў сакратар ватыканскай дыкастэрыі, бо дыялог з’яўляецца не нечым абстрактным, але “будуецца з канкрэтнымі людзьмі ў штодзённым жыцці”.

На завяршэнне біскуп Аюса Гішот звярнуўся да вучэння Францішка, напоўненага заклікамі да будавання інклюзіўнага грамадства, у якім усе разам супрацьстаялі б культуры адчужэння. Гэтыя настаўленні, падкрэсліў іерарх, працягваюць вучэнне папярэднікаў Святога Айца. Так, Павел VI заклікаў да дыялогу са светам, Ян Павел II узбагаціў гэты заклік паняццем “культуры міру”, а Бэнэдыкт XVI прапанаваў “дыялог любові ў праўдзе”.








All the contents on this site are copyrighted ©.