2016-07-13 15:35:00

Папа смуткуе ў сувязі са смерцю арцыбіскупа Зімоўскага


Святы Айцец выказаў спачуванні ў сувязі са смерцю арцыбіскупа Зыгмунта Зімоўскага, старшыні Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя. Францішак прызнаўся, што смуткуе і даручае спачылага іерарха заступніцтву Дзевы Марыі, Каралевы Польшчы.

У спачувальным лісце Пантыфік узгадвае “велікадушнае служэнне арцыбіскупа Зімоўскага спачатку ў якасці біскупа Радамскай дыяцэзіі, а потым у структурах Святога Пасаду”, падкрэсліваецца, што іерарх перанёс “працяглую і пакутлівую” хваробу ў духу веры і з хрысціянскім сведчаннем.

Арцыбіскуп Зыгмунт Зімоўскі нарадзіўся 7 красавіка 1949 г. у польскім Купеніне. Святарскае пасвячэнне атрымаў 25 мая 1973 г. З 28 сакавіка 2002 г. з’яўляўся пастырам Радамскай дыяцэзіі. 18 красавіка 2009 г. Бэнэдыкт XVI прызначыў іерарха старшынёй Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя. У снежні 2014 г. арцыбіскуп Зімоўскі вярнуўся ў Польшчу, каб прайсці курс лячэння. Памёр у бальніцы горада Дамброва Тарноўская 12 ліпеня 2016 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.