2016-07-13 11:19:00

Памёр арцыбіскуп Зімоўскі – супрацоўнік трох Пантыфікаў


12 ліпеня 2016 г., незадоўга да поўначы, памёр арцыбіскуп Зыгмунт Зімоўскі, старшыня Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя, блізкі супрацоўнік трох Пантыфікаў.

Іерарх адышоў у вечнасць у бальніцы ў горадзе Дамброва Тарноўская ў Польшчы, пасля працяглай анкалагічнай хваробы. За некалькі гадзін да смерці да яго асабіста патэлефанаваў папа Францішак. Святы Айцец запэўніў хворага арцыбіскупа ў сваёй духоўнай лучнасці і малітве і ўдзяліў яму сваё благаслаўленне. Некалькі дзён таму да іерарха таксама тэлефанаваў Бэнэдыкт XVI.

Будучы арцыбіскуп нарадзіўся 7 красавіка 1949 г. у вёсцы Купенін на тэрыторыі Малапольскага ваяводства. У 1967 г. паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Тарнаве, якую скончыў прымаючы ў 1973 г. святарскае пасвячэнне. Вышэйшае тэалагічнае навучанне працягнуў у Люблінскім універсітэце, а затым у аўстрыйскім Інсбруку. У 1982 г. атрымаў доктарскую ступень у галіне дагматычнай тэалогіі і праз год пачаў працу ў Кангрэгацыі Веравучэння, прэфектам якой быў кардынал Ёзэф Ратцынгер, будучы папа Бэнэдыкт XVI. 

Працуючы ў Ватыкане, быў пастулятарам некалькіх кананізацыйных працэсаў, вёў працу па падрыхтоўцы Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, асабліва яго польскага выдання, а таксама супрацоўнічаў з Ватыканскім радыё.

У 2002 г. Ян Павел ІІ прызначыў яго пастырам Радамскай дыяцэзіі ў Польшчы. 18 красавіка 2009 г. Бэнэдыкт XVI прызначыў біскупа Зыгмунта Зімоўскага старшынёй Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя, надаючы яму годнасць арцыбіскупа.








All the contents on this site are copyrighted ©.