2016-07-12 16:01:00

Кс. Ламбардзі: для святара не існуе слова “пенсія”


Праз камунікацыю ажыццяўляецца шлях да больш поўнага, адэкватнага, спакойнага бачання праблем, пракладваецца дарога да праўды, сказаў кс. Фэдэрыка Ламбардзі ў інтэрв’ю з нагоды свайго сыходу з пасады кіраўніка Залы Друку Святога Пасаду.

На працягу апошніх дзесяці гадоў святар адказваў за інфармацыйную палітыку Апостальскай Сталіцы, асвятленне ў СМІ спраў, якія датычаць Каталіцкага Касцёла і дзейнасці Папы – спачатку Бэнэдыкта XVI, а потым Францішка.

Кс. Ламбардзі прызнаўся, што найбольш складанымі і нават пакутнымі момантамі, з якімі яму давялося сутыкнуцца за час працы, сталі дыскусіі адносна сексуальных злоўжыванняў у Каталіцкім Касцёле, скандалы з рассакрэчваннем канфідэнцыйных дакументаў Святога Пасаду, а таксама ўнутраныя канфлікты. Святар сказаў, што сваёй працай імкнуўся зрабіць уласны ўнёсак у вырашэнне гэтых праблем, каб здзейсніць крок наперад, у напрамку да большай яснасці, празрыстасці, праўды, каб у будучым падобныя рэчы больш не здараліся.

Хваляванне журналіста Грэга Бёрка, свайго пераемніка на пасадзе кіраўніка Залы Друку Святога Пасаду, у сувязі з новымі абавязкамі, кс. Ламбардзі назваў зразумелым. Пры гэтым ён запэўніў, што многім рэчам давядзецца навучыцца непасрэдна падчас працы. Усе мы маем пэўныя абмежаванні, аднак выконваем ўскладзенае на нас заданне з надзеяй на Божую дапамогу, сказаў святар. Ён адзначыў таксама нязменную гатоўнасць супрацоўнікаў усіх структур Святога Пасаду прыйсці на дапамогу.

На завяршэнне кс. Ламбардзі дадаў, што яго адстаўка не азначае выхаду на пенсію. “Гэтага слова не існуе для святара, які імкнецца быць у распараджэнні для служэння Богу і Касцёлу на працягу ўсяго свайго жыцця, кожны дзень”, - патлумачыў ён. Зменяцца толькі абавязкі, выказаў упэўненасць кс. Ламбардзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.