2016-07-10 12:08:00

У Францыі замоўчваюць выпадкі хрысціянафобіі


У перыяд з 2008 па 2014 гг. у Францыі амаль у тры разы ўзрасла колькасць розных відаў актаў вандалізму, накіраваных на храмы, могілкі і іншыя хрысціянскія месцы і прадметы культу. Паведамляючы пра гэта, італьянская газета “Il Foglio” адзначае, што гэтыя праявы варожасці да хрысціянства амаль ніяк не адлюстроўваюцца ў французскіх СМІ і мінулым годзе толькі парыжская газета “Le Figaro” прысвяціла гэтай тэме артыкул.

Па дадзеных французскай Абсерваторыі хрысціянафобіі (Observatoire de la christianophobie), у 2016 г. найгоршым у гэтых адносінах быў май, асабліва яго канец. У агульнай складанасці, у апошні месяц вясны было здзейснена 32 напады на хрысціянскія, у асноўным каталіцкія, аб’екты культу, у той час як аналагічных злачынных дзеянняў у адносінах да аб’ектаў іншых рэлігій было 21. Вандалы апаганьвалі храмы, знішчалі скульптуры святых, рабавалі абразы, падпальвальвалі сакрыстыі, апаганьвалі могілкі, пагражалі смерцю святарам і вернікам і г.д. Гэтыя падзеі адбыліся ў 22 дэпартаментах Францыі, з 96 існуючых.

На думку “Il Foglio” памеры гэтай з’явы заслугоўваюць таго, каб ёй зацікавіліся  мясцовыя СМІ. Тым часам, селектыўна гэтым занялася толькі кансерватыўная “Le Figaro”, пішучы аб “нябачнай прафанацыі” супраць некаторых хрысціянскіх сайтаў. Але гэта выданне ня занялося справай нападаў на хрысціянскія аб’екты.

У той жа час італьянская газета заўважае, што французскія СМІ ахвотна кажуць пра “грамадскую ісламафобію”, беручы каментары ў розных прадстаўнікоў мусульманскай супольнасці, але не прадстаўляючы ніякіх лічбаў. Хрысціянафобія або варожасць у адносінах да хрысціянства – гэта тэма, якая ў Францыі не ўздымаецца, не выклікае галоснасці ў так званым прагрэсіўным свеце і, на думку афіцыйных уладаў, не заслугоўвае на сацыялагічныя даследаванні або больш глыбокі аналіз. 

Італьянская газета падкрэслівае, што тут ідзе гаворка не пра суперніцтва ў колькасці ахвяр, але пра выкрыццё “клімату змовы маўчання, што стала небяспечным і невыносным”. Паводле “Il Foglio”, ужо на працягу 10 гадоў бесперапынна расце колькасць выпадкаў прафанацыі месцаў хрысціянскага культу: калі восем гадоў таму было зарэгістравана 275 такіх выпадкаў, то ў 2014 г. іх было ўжо 807, а ў першай палове 2016 г. устаноўлена па меншай меры 233. У канцы года гэтыя паказчыкі могуць быць яшчэ вышэйшымі, але нават у гэтым выпадку яны застануцца “нябачнымі”, са шкадаваннем адзначае італьянская газета.








All the contents on this site are copyrighted ©.