2016-07-09 14:24:00

Францішак спачувае ў сувязі са смерцю італьянскага кардынала


Адышоў у вечнасць кардынал Сільвана П’ёванэлі, арцыбіскуп Фларэнцыі ў перыяд з 1983 па 2001 гг. Пурпурату было 92 гады. У спачувальнай тэлеграме папа Францішак падкрэсліў, што пурпурат “з радасцю і мудрасцю абвяшчаў Евангелле і моцна любіў Каталіцкі Касцёл”. Святы Айцец з удзячнасцю ўзгадаў пастырскую дзейнасць кардынала – “напачатку ў якасці руплівага прэзбітэра і дапаможнага біскупа, а затым клапатлівага і мудрага кіраўніка архідыяцэзіі”.

Кардынал П’ёванэлі нарадзіўся 21 лютага 1924 г. у горадзе Ронта, недалёка ад Фларэнцыі. Святарскае пасвячэнне атрымаў у 1947 г. Маладым святаром быў накіраваны ў адну з парафій на перыферыі Фларэнцыі, дзе адразу ж сутыкнуўся з неабходнасцю вырашаць шматлікія праблемы, характэрныя для пасляваеннага часу.

З 1948 г. распачаў працу ў якасці віцэ-рэктара ніжэйшай духоўнай семінарыі ў Фларэнцыі. Праз 12 гадоў быў прызначаны кіраўніком цэнтру Кастэльфьёрэнціна ў архідыяцэзіі Фларэнцыі. Стаўшы сведкам моцных антыклерыкальных настрояў і праяў жорсткасці ў адносінах да мясцовых рэлігійных структур, будучы кардынал праявіў выдатныя міратворчыя здольнасці, выступіў ініцыятарам стварэння першай у архідыядэзіі парафіяльнай рады, якая займалася не толькі ўнутранымі душпастырскімі, але і адміністрацыйнымі пытаннямі.

У 1982 г. ён стаў дапаможным біскупам Фларэнційскай архідыяцэзіі, а праз год стаў яе пастырам. У 1985 г. атрымаў кардынальскі берэт.

Пасля смерці італьянскага пурпурата Калегія кардыналаў складаецца з 212 іерархаў, з якіх 112 маюць права голасу на магчымым канклаве.








All the contents on this site are copyrighted ©.