2016-07-08 13:30:00

Новыя святыя і благаслаўлёныя ў Касцёле


У Касцёле будуць абвешчаны новыя святыя і благаслаўлёныя. 8 ліпеня 2016 г. падчас сустрэчы з прэфектам Кангрэгацыі па справах Кананізацыі, кардыналам Анджэла Амата папа Францішак ухваліў дэкрэты аб зацвярджэнні цуду, мучаніцкай смерці і гераічнасці цнотаў.

У першым выпадку гаворка ідзе пра прызнанне цуду праз заступніцтва кс. Луіса Антоніа Роса Армьерэса, заснавальніка Кангрэгацыі сясцёр святога Анёла Ахоўніка, які жыў ў ХІХ ст.

Пантыфік ухваліў дэкрэты аб прызнанні мучаніцкай смерці: айца Антоніа Арыбаса Оцігуэлы і шасці яго паплечнікаў, з Кангрэгацыі місіянераў Найсвяцейшага Сэрца Езуса, якія загінулі за веру ў 1936 г., падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі; а таксама свецкага верніка з Італіі Ёзэфа Майр-Нусэра, які адмовіўся прысягаць нацыстам, калі быў прызваны ў войска і быў прысуджаны да смерці ў канцэнтрацыйным лагеры Дахау. Ён памёр на шляху ў лагер у 1945 г. ад жорсткага абыходжання, голаду і смагі.

Шэсць дэкрэтаў, у якіх прызнаецца гераічнасць цнотаў, датычаць: амерыканскага біскупа Альфонса Галегаса, іспанскага святара Рафаэля Санчэса Гарсіі, свецкага верніка з Іспаніі Андрэса Гарсіі Акоста, двух італьянскіх законнікаў: Джузэпэ Маркэці і Джакама Вале, а таксама італьянскай законніцы Марыі Піі ад Крыжа.








All the contents on this site are copyrighted ©.