2016-07-08 15:36:00

Кардынал Сандры прааналізаваў візіт Папы ў Арменію


Кардынал Леанарда Сандры, прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў, падвёў вынікі апостальскага падарожжа папы Францішка ў Арменію, здзейсненага з 24 па 26 чэрвеня 2016 г. На думку пурпурата, умовы, у якіх сёння існуе армянская каталіцкая супольнасць, вельмі абадзёрваюць.

“Невялікай паствай”, “супольнасцю, загартаванай гісторыяй і мучаніцтвам” назваў кардынал Сандры армянскіх католікаў, якія ў сваёй краіне з’яўляюцца рэлігійнай меншасцю. Але дзякуючы братэрскасці і велікадушнасці Каталікоса ўсіх армян і біскупаў Армянскай Апостальскай Царквы вызнаўцы каталіцкай веры могуць годна жыць і развівацца, асабліва праз учынкі міласэрнасці. Сярод іх пурпурат нагадаў бальніцу ў Ашоцку, якая была пабудавана пасля землятрусу 1988 г. па ініцыятыве св. Яна Паўла II, місіянерскія дамы Маці Тэрэзы, новы цэнтр для дзяцей з асаблівасцямі развіцця ў Гюмры, армянскія школы сясцёр з кангрэгацыі Беззаганнага Зачацця.

Пурпурат адзначыў гасціннасць і ветлівасць Каталікоса ўсіх армян Гарэгіна II, падкрэсліў важнасць сумеснай з ім малітвы Францішка, якая мела месца падчас візіту, запэўніў, што сваім прыездам у Арменію Пантыфік жадаў засведчыць блізкасць да армянскага народа, падзяліць з ім боль гісторыі, якую заклікаў не забываць.

На думку прэфекта, паміж Апостальскай Царквой і Каталіцкім Касцёлам Арменіі складваюцца вельмі добрыя адносіны. Узмацненню дыялога і кантактаў паміж бакамі паспрыялі два папскіх візіты – цяперашні і той, які здзейсніў Ян Павел ІІ у 2001 г. У гэтым кантэксце надзвычайную важнасць маюць і запланаваныя на восень 2016 г. падарожжы Папы ў Грузію і Азербайджан.








All the contents on this site are copyrighted ©.