2016-07-07 15:45:00

Кардынал Кох: патрэбны дыялог з лютэранамі на тэму біяэтыкі


Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, кардынал Курт Кох хацеў бы паглыблення дыялогу з лютэранамі ў сувязі з розным пунктам гледжання ў пытаннях біяэтыкі. Сярод тэм, у якіх выявіліся “новыя адрозненні”, швейцарскі курыяльны іерарх згадаў абарону жыцця ад зачацця да натуральнай смерці, а таксама сям’ю, сужэнства і сексуальнасць, у першую чаргу ў кантэксце дыскусіі аб гендэрнай ідэалогіі.

“Калі хрысціянскія Цэрквы Еўропы не могуць гаварыць адным голасам у цэнтральных пытаннях жыцця, гэта робіць хрысціянскі голас больш і больш слабым”, - сказаў кардынал Кох у інтэрв’ю для сеткі аўстрыйскіх дыяцэзіяльных газет.

У апошнія гады пытанні веры былі больш паглыблены ў экуменічным дыялогу, але ў галіне этыкі з’явіліся новыя адрозненні, адзначыў ватыканскі іерарх. У тэалогіі, вядома, да гэтага часу застаюцца “будаўнічыя пляцоўкі”, такія як канцэпцыя Касцёла або Эўхарыстыя. На думку старшыні Папскай рады, тут была б патрэбна сумесная дэкларацыя, аналагічная падпісанай у 1999 г. на тэму вучэння аб апраўданні.

Ва ўсіх абмеркаваннях трэба асцерагацца, каб “тэалагічны дыялог не прыняў форму, калі ўзнікае пачуццё акадэмічнай сафістыкі”. Тут ужо ёсць станоўчыя змены, але ўсё ж недастатковыя, сказаў кардынал Кох і дадаў, што тэалагічная сумяшчальнасць будзе плённай толькі тады, калі будзе прынята і касцёльнымі ўладамі, і вернікамі,таму што менавіта гэтага патрабуе кожны кансенсус у экуменізме.

Іерарх развеяў спекуляцыі аб магчымасці візіту Папы ў Германію з нагоды юбілею Рэфармацыі ў 2017 г. і нагадаў, што згодна з Сусветнай лютэранскай федэрацыяй было прынята рашэнне аб падарожжы Францішка ў канцы кастрычніка на юбілейныя мерапрыемствы ў Швецыю.








All the contents on this site are copyrighted ©.