2016-07-07 12:50:00

Ватыканскія СМІ пра Будслаўскія ўрачыстасці


Пра візіт папскага легата ў Беларусь, на ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Будслаўскай і святкаванне 25-годдзя заснавання Мінска-Магілёўскай мітраполіі, напісала на сваіх старонках афіцыйная газета Святога Пасаду. “Важнасць свабоды веравызнання для станоўчага развіцця грамадства была цэнтральнай місіяй, якую выконваў кардынал Крыстаф Шонборн”, - адзначыла “L’Osservatore Romano”.

Ватыканская газета нагадала асноўныя пункты насычанай праграмы, якую ажыццявіў папскі пасланнік падчас свайго прабывання ў Беларусі. Яго візіт у краіну доўжыўся з 30 чэрвеня па 3 ліпеня 2016 г. Цэнтральныя малітоўныя падзеі з удзелам арцыбіскупа Венскага – урачыстасці ў нацыянальным санктуарыі Маці Божай у Будславе – прыпалі на 1 і 2 ліпеня. Апроч гэтага, за час свайго візіту ў Беларусь пурпурат паспеў сустрэцца з палітычнымі і рэлігійнымі дзеячамі краіны, наведаць мемарыяльны комплекс “Трасцянец”, узведзены на месцы былога канцэнтрацыйнага лагера, здзейсніў візіт у цэнтр “Карытас” Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Ляскоўцы. 3 ліпеня, у апошні дзень свайго прабывання ў Беларусі, папскі легат здзейніў асвячэнне новага касцёла ў парафіі Маці Божай Будслаўскай у Мінску, паінфармавала “L’Osservatore Romano”.

Падчас размоў з прадстаўнікамі ўлады і духавенства краіны папскі легат неаднаразова акцэнтоўваў увагу на важнасці свабоды веравызнання і добрых адносін паміж дзяржавай і Касцёлам. На думку кардынала Шонборна, адказнасць за забеспячэнне гэтых умоў у вялікай ступені палягае менавіта на палітыцы дзяржавы, падкрэслілі ў ватыканскай газеце.

Падчас цэнтральнай св. Імшы ў Будславе папскі пасланнік нагадаў пра жудасныя часы камунізму, у якіх здолеў выстаяць санктуарый, і выказаў упэўненасць, што гэта адбылося дзякуючы веры людзей. “Благаслаўлёная краіна, якая верыць”, - прыводзіць словы кардынала Шонборна “L’Osservatore Romano”.

У сваёй гаміліі папскі легат казаў, між іншым, пра важнасць сям’і – інстытуту, які, на думку пурпурата, імкнуўся разбурыць таталітарны рэжым і працягваюць рабіць гэта сучасныя ідэалогіі. “Мы, аднак, верым у моц сям’і”, - пераказала афіцыйная газета Святога Пасаду словы кардынала Шонборна, звернутыя да 30-тысячнай групы вернікаў у Будславе.








All the contents on this site are copyrighted ©.