2016-07-06 12:49:00

Францішак да бедных: маліцеся за багатых і марнатраўных


“Вы дапамагаеце нам сустрэць Езуса, бо расказваеце пра Яго не столькі словамі, колькі ўсім сваім жыццём”, - сказаў папа Францішак 6 ліпеня 2016 г. удзельнікам пілігрымкі бедных з дыяцэзій Ліён у Францыі, якая прыбыла ў Рым на чале з кардыналам Філіпам Барбарэнам. Аўдыенцыя прайшла ў Зале Паўла VI у Ватыкане.

Пантыфік узгадаў постаць французскага кс. Ёзэфа Врэзінскага, паслядоўнікі якога і выступілі арганізатарамі сустрэчы. Сваё жыццё святар прысвяціў клопату пра бедных, якім заўсёды казаў: “Вы знаходзіцеся ў сэрцы Касцёла”. “Езус заўсёды аддаваў перавагу асобам, як вы, якія перажывалі падобныя сітуацыі”, - запэўніў Францішак.

Святы Айцец падзякаваў ініцыятарам сустрэчы за адданасць місіі кс. Ёзэфа Врэзінскага, які замест абстрактых тэорый падзяляў з беднымі іх няпростую штодённасць. “Вы не толькі выходзіце насустрач ім, якія саромяцца і хаваюцца, не толькі суправаджаеце, намагаючыся зразумець іх пакуты і прыняць іх роспач, але і ствараеце вакол іх супольнасць, вяртаючы ім сэнс існавання, ідэнтычнасць, пачуццё годнасці”, - сказаў Францішак. Ён заклікаў у Год Міласэрнасці нанова адкрыць дух салідарнасці, братэрства, узаемнай дапамогі і падтрымкі і жыць ім. 

На заканчэнне сустрэчы Папа звярнуўся да пілігрымаў з просьбай аб выкананні місіі, якую, падкрэсліў Францішак, “толькі вы, у сваёй беднасці, будзеце здольныя выканаць”. Ён папрасіў маліцца за багатых, марнатраўных, крывадушнікаў гэтага свету, за ўсіх, хто мае дачыненне да існавання галечы ў свеце, каб Бог перамяніў іх сэрцы. “І я вам гарантую, што, калі будзеце так рабіць, станецца вялікая радасць у Касцёле, у вашых сэрцах і ў дарагой Францыі”, - сказаў Святы Айцец.

Пілігрымку бедных з Ліёнскай дыяцэзій арганізавала асацыяцыя “Сябры айца Ёзэфа Врэзінскага”, каб такім чынам адзначыць 100-годдзе з дня нараджэння святара, які прысвяціў сваё жыццё бедным. Ён заснаваў міжнародны рух “Чацвёрты свет”, у рамках якога сёння дзейнічае “Пастаянны форум па беднасці ў свеце” – сетка арганізацый і асобных людзей больш чым са ста краін, адданых місіі барацьбы супраць галечы ў духу адзінства і салідарнасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.