2016-07-06 12:16:00

Святы Пасад: тэрарызм – гэта ракавая пухліна


З ракавай пухлінай параўнаў тэрарыстычную групоўку Ісламская дзяржава сакратар Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, біскуп Мігель Анхель Аюса Гішот. Ён прыняў удзел у 69-ым Місіялагічным тыдні ў іспанскім горадзе Бургас.

“Падчас маіх кантактаў з мусульманамі, я бачу іх вялікую трывогу, чую нават скаргу на гэты від раку, які з’явіўся ў свеце. Тэрарысты маніпулююць ісламскай рэлігіяй”, - сказаў іерарх у інтэрв’ю “Europa Press”. Ён дадаў, што ісламскі тэрарызм уяўляе сабой з’яву настолькі сур’ёзную, што частковых рашэнняў тут недастаткова, неабходны радыкальны падыход, які прадугледжвае супрацоўніцтва ва ўсіх галінах: палітычнай, законатворчай, фінансавай і этычнай у асуджэнні насілля.

У той жа час, біскуп Аюса Гішот перасцярог ад пашырэння знеахвоты і страху, якія з’яўляюцца “самым вялікім ворагам міжрэлігійнага дыялогу”. Ён нагадаў, што Апостальская Сталіца асуджае ўсе акты насілля і прапануе міжнароднай супольнасці “выкарыстанне нормаў міжнароднага права, накіраваных на барацьбу з тэрарызмам”.

Спрашчэннем ватыканскі іерарх назваў меркаванне, што пасля здзейсненых тэрарыстамі чынаў няма ніякага сэнсу весці дыялог з ісламам. “Дык што рабіць? Весці вайну?”, - рытарычна спытаў біскуп Аюса. Ён адзначыў, што выхадам з’яўляецца не насілле, а пошук шляхоў “павагі, сяброўства і супрацоўніцтва”. Менавіта гэтаму служыць дыялог, спалучаны з рашучым асуджэннем насілля.

Звяртаючыся да пытання аб тым, ці варта ажыццяўляць місійную дзейнасць сёння, ці, хутчэй, проста весці дыялог з іншымі рэлігіямі, сакратар Папскай рады цвёрда сказаў: “Ні адно або другое, але абодва разам”.








All the contents on this site are copyrighted ©.