2016-07-06 14:37:00

Ватыканскі іерарх запісаў альбом класічнай музыкі


Італьянскі кардынал Ларэнца Балдзісэры, генеральны сакратар Сінода Біскупаў, выпусціў тры кампакт-дыскі з творамі класічнай музыкі ў сваім выкананні. Зборнік “Музычная хрэстаматыя” выйшаў у Ватыканскім выдавецтве (Libreria Editrice Vaticana). 

Калекцыя музычных дыскаў утрымлівае ўрыўкі з кампазіцый Эрыка Саці, Клода Дэбюсі, Фрэдэрыка Шапэна, Віторыя Монці, Джакама Пучыні, Вальфганга Моцарта, Роберта Шумана, Сяргея Рахманінава, Міхаіла Клеафаса Агінскага і іншых знакамітых кампазітараў. 

Спіс імёнаў выяўляе арыгінальны музычны густ кардынала Балдзісэры, адзначыў піяніст, кампазітар і музычны крытык Марчэла Філатэй у каментары да зборніка. “Музыка – гэта, у першую чаргу, спосаб сузірання свету”, - дадаў ён. 

Пераканацца ў гэтым слухачы змаглі ў дзень прэзентацыі “Музычнай хрэстаматыі” ў базыліцы Сант-Ансэльма-аль-Авенціна, калі кардынал Балдзісэры выканаў на фартэпіяна асобныя творы. Яму акампаніраваў на флейце нямецкі бэнэдыктынец, абат-прымас Ноткер Вольф. Ён вядомы сваёй прыхільнасцю да рок-музыкі, грае ў складзе нямецкай рок-групы “Feedback”.

Зборнік дыскаў “Музычная хрэстаматыя” стаў ужо другім у калекцыі альбомаў кардынала Балдзісэры. Першы ўбачыў свет у 2007 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.