2016-07-06 14:18:00

Ватыканскі кардынал пра цэлебрацыю св. Імшы “ad orientem”


Прэфект Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў запрасіў да дыскусіі вакол вяртання да цэлебрацыі св. Імшы “ad orientem”, гэта значыць тварам на ўсход, а не павярнуўшыся да вернікаў. 

“Вельмі важна, каб мы вярнуліся як мага хутчэй да агульнай арыентацыі, святароў і вернікаў, разам у адным кірунку – на ўсход ці, па меншай меры, да апсіды – да Пана, Які прыходзіць”, сказаў кардынал Рабер Сара, якога цытуе “Catholic Herald”, на літургічнай канферэнцыі ў Лондане.

Прапанову ўжо назвалі самай значнай літургічнай заявай пасля дакументу Бэнэдыкта XVI “Summorum Pontificum” з 2007 г., які дазволіў больш шырокі ўжытак “трыдэнцкай імшы”, дарэформеннага брэвіярыя і дарэформенных абрадаў. 

Добрай датай для ўвядзення змен, дзе гэта магчыма, кіраўнік ватыканскай дыкастэрыі назваў Першую нядзелю Адвэнту. Гэты крок будзе “добрым для Касцёла, і таксама добрым для нашага народа”, - перакананы кардынал Сара.

У сваім выступленні іерарх спаслаўся на просьбу папы Францішка, які даручыў яму разгледзець шляхі “рэформы рэформы” Другога Ватыканскага Сабору ў галіне літургіі. Некаторыя з рэформаў, якія адбыліся пасля Сабору, былі праведзены пад уплывам духу часу і выйшлі за межы літургічнай канстытуцыі “Sacrosanctum Concilium”, хоць Саборныя Айцы гаварылі “не пра рэвалюцыю, а пра эвалюцыю”, заўважыў кардынал.

Кірунак “ad orientem” мае ў літургіі сваё значэнне. Каталіцкія храмы ад старажытных часоў будаваліся арыентаванымі на ўсход, адкуль узыходзіць сонца. Гэта было звязана з памяццю пра вяртанне Езуса ў апошні дзень. Сімвалам Хрыста, які прыносіць святло і жыццё, у хрысціянскай традыцыі было менавіта сонца.








All the contents on this site are copyrighted ©.