2016-07-05 12:05:00

Прадстаўнік Святога Пасаду: рашэння па Меджугор’і яшчэ няма


Кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду паведаміў, што прызначэнне Апостальскага адміністратара для санктуарыя ў Меджугор’і, гэта толькі адна з рабочых гіпотэз; да гэтага часу па дадзеным пытанні не было прынята ніякага рашэння. Такім чынам кс. Фэдэрыка Ламбардзі пракаментаваў інфармацыю, якая з’явілася ў СМІ.

Святар адзначыў, што калі б такое рашэнне ўступіла ў сілу, гэта азначала б прамое падпарадкаванне санктуарыя ў Меджугор’і Апостальскай Сталіцы. Тым не менш, занадта рана казаць пра стаўленне да меркаваных аб’яўленняў або аб нейкім рашэнні ў найбліжэйшай будучыні.

Меджугор’е знаходзіцца ў дыяцэзіі Мостар ў Босніі і Герцагавіне. Па словах маладых жыхароў горада, 24 чэрвеня 1981 г. ім стала аб’яўляцца Маці Божая, перадаючы пасланні. Гэтыя “аб’яўленні” працягваюцца і па сённяшні дзень; яны звязаны не з канкрэтным месцам, бо адбываюцца і за межамі Меджугор’я, але з асобамі візіянераў. Менавіта беспрэцэдэнтная ў гісторыі працягласць такога роду з’яў і адсутнасць іх канчатковага завяршэння з’яўляюцца галоўнымі прычынамі, чаму Касцёл не выказваецца канчаткова на тэму іх звышнатуральнага характару.

Да гэтага часу Апостальская Сталіца прызнае сапраўднай пазіцыю епіскапату былой Югаславіі з 1991 г., згодна з якой не можна пацвердзіць звышнатуральны характар з’яў з Меджугор’я. 

18 студзеня 2014 г. завяршыла працу міжнародная камісія па вывучэнні меркаваных марыйных аб’яўленні пад старшынствам кардынала Каміла Руіні. Вынікі яе працы пакуль не былі апублікаваны.

Кожны год у Меджугор’е прыбывае каля 2 млн. асоб.








All the contents on this site are copyrighted ©.