2016-07-05 12:42:00

Ватыкан: хутка прысуд у працэсе аб распаўсюдзе дакументаў


Падчас пасяджэння Трыбуналу Дзяржавы Ватыкан 4 ліпеня 2016 г. прамотары справядлівасці запатрабавалі высокіх тэрмінаў пакарання за распаўсюджанне канфідэнцыйных паведамленняў і дакументаў Апостальскай Сталіцы.

Джамп’ера Мілана і Раберта Дзаноці патрабуюць для кс. Лусіа Вальеха Бальда 3 гады і 1 месяц турэмнага зняволення; для Франчэскі Шаўкі, прызнанай ініцыятарам і адказнай за злачынствы, 3 гады і 9 месяцаў зняволення; для Нікола Маё, прымаючы пад увагу абмежаваную ролю ў злачынстве, 1 год і 9 месяцаў турмы. У дачыненні да журналістаў: 1 год пазбаўлення волі ўмоўна для Джанлуіджы Нуццы, і за адсутнасцю доказаў віны, вызвалення ад абвінавачанняў для Эмільяна Фіціпальдзі.

5 ліпеня прадугледжаны выступы адвакатаў, а ў сераду або чацвер можна чакаць прысуду.

Кc. Вальеха Бальда, Франчэска Шаўкі і Нікола Маё абвінавачваюцца ў стварэнні арганізаванай злачыннай групы, з мэтай здзяйснення некалькіх злачынстваў па распаўсюдзе інфармацыі і дакументаў, якія тычацца фундаментальных інтарэсаў Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан. У сваю чаргу, Нуццы і Фіціпальдзі абвінавачваюцца ў падбухторванні і аказанні ціску ў мэтах атрымання інфармацыі і дакументаў канфідэнцыйнага характару, выкарыстаных пасля ў двух кнігах, якія былі апублікаваны ў Італіі ў лістападзе 2015 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.