2016-07-04 11:20:00

Пантыфік: іду наперад сваёй дарогай, не азіраючыся па баках


Бэнэдыкт XVI з’яўляецца сапраўдным рэвалюцыянерам з бязмежнай высакароднасцю. Так свайго папярэдніка на Пасадзе св. Пятра ахарактарызаваў Францішак у адным з чарговых інтэрв’ю. Святы Айцец даў яго аргентынскай газеце „La Nacion” 28 чэрвеня 2016 г., у дзень, калі Папа на пенсіі святкаваў 65-ю гадавіну святарскага пасвячэння. Інтэрв’ю факусуецца ў асноўным на унутрыаргентынскіх пытаннях, закранаецца тэма падыходу Францішка да “касцёльных кансерватараў”.

Святы Айцец пацвердзіў, што адстаўка Бэнэдыкта XVI не мела нічога агульнага з асабістымі праблемамі, але была “апошнім актам яго кіраўніцтва Касцёлам”. Ён заўважыў, што хоць Папа на пенсіі мае праблемы пры хадзе, нязменнымі затаюцца яго памяць і інтэлект.

Францішак адзначыў, што не існуе, як некаторыя спрабуюць паказаць, ніякага канфлікту паміж ім і Прэзідэнтам Аргентыны. На пытанне аб тым, чаму ён прыняў на прыватнай аўдыенцыі моцна яго крытыкуючую заснавальніцу руху “Маці Плаза дэ Майо”, Папа сцвердзіў, што гэта быў жэст прабачэння. “Геба дэ Бонафіні папрасіла ў мяне прабачэння, і я прабачыў ёй. Гэтага не можна адмовіць нікому”, - сказаў Пантыфік, нагадаўшы, што гэта жанчына, у якой былі забітыя два сыны. “Я станаўлюся на калені перад велічынёй яе пакут. Не важна, што пра мяне казала раней, нават калі я ведаю, што гэта былі жудасныя рэчы”, - прызнаўся Францішак.

Спасылаючыся на крытыку з боку касцёльных кансерватараў, Святы Айцец падкрэсліў, што яны робяць сваю працу, а ён робіць тое, што яму належыць. “Я хачу Касцёла адкрытага, які ставіцца са зразуменнем, суправаджае параненыя сем’і. Яны ўсім кажуць “не”. Я іду наперад сваёй дарогай, не азіраючыся па баках. Не сяку з-за пляча. Я ніколі не любіў рабіць гэтага. Я яшчэ раз паўтараю: я не люблю канфліктаў”, - падкрэсліў Францішак у інтэрв’ю аргентынскай „La Nacion”.








All the contents on this site are copyrighted ©.