2016-07-01 13:18:00

Святы Пасад: чалавек – не нявольнік працы, а яе гападар


Старшыня Папскай рады па справах сям’і, арцыбіскуп Вінчэнца Палья звярнуўся з заклікам клапаціцца аб этычнасці працы і памятаць аб яе выключнай ролі ў забеспячэнні годнага жыцця чалавека і сям’і. Ён прыняў удзел у адкрыцці VII “Фестываля працы”, які з 30 чэрвеня па 2 ліпеня 2016 г. праходзіць у Рыме. 

У сваім выступленні іерарх падкрэсліў, што праца з’яўляецца істотнай часткай чалавечай годнасці і гэты факт сцвярджаецца з першых старонак Бібліі. Ён удакладніў, што гэта заданне Бог усклаў на саюз мужчыны і жанчыны, які “знаходзіць сваё першае ўвасабленне ў сям’і, аднак далей павінен пашырацца на ўсё чалавецтва ва ўсіх сферах жыцця”.

Індывідуалізм сучаснага свету паслабляе здольнасць аб’ядноўвацца і ствараць трывалыя саюзы, у тым ліку сямейныя. Арцыбіскуп Палья спаслаўся на французскага філосафа Жыля Ліпавецкага, які назваў гэты негатыўны феномен “другой індывідуалістычнай рэвалюцыяй”, што вядзе да зневажання аб’яднальных каштоўнасцяў і сцвярджэння дабрабыту асобнага чалавека як першаснай мэты існавання.

Старшыня Папскай рады па справах сям’і нагадаў занепакоенасць, якую не раз выказваў Святы Айцец адносна ўсё меншай увагі да этычнага аспекту працы. Пазбаўленая этычнасці, праца становіцца бесчалавечнай і менш прадуктыўнай з эканамічнага пункту гледжання. Засяродзіўся іерарх і на неабходнай гармоніі паміж працай, сям’ёй і адпачынкам. “Адпачынак – гэта вынаходства Бога. Ён навучае нас важнасці прысвячаць пэўны час сузіранню і карыстанню з таго, што дзякуючы працы атрымалі”, - такімі словамі перасцерагае Францішак ад небяспекі ператварыцца ў нявольнікаў працы замест яе гаспадароў.

“Праца, несумненна, з’яўляецца вызначальнай для чалавечай годнасці, аднак не павінна станавіцца ідалам, у ахвяру якому прыносяцца любыя сямейныя рэчы, ідэалы і пачуцці”, - дадаў арцыбіскуп Палья і падкрэсліў, што “праца – святая, бо вызначае чалавечую асобу ў яе падабенстве да Бога, адпачынак жа становіцца момантам, у якім гэтая святасць праслаўляецца”.

Арганізатарам VII “Фестываля працы” выступае Італьянская асацыяцыя працоўнага кансалтынгу. На працягу трох дзён запланаваны тэматычныя круглыя сталы, дыскусіі, выступленні ключавых асоб у сферы працы і сацыяльнай палітыкі.








All the contents on this site are copyrighted ©.