2016-07-01 14:56:00

Кіраўнік дыкастэрыі: рэформа адбываецца ў тым, што нябачна


З нагоды першай гадавіны заснавання папам Францішкам новай ватыканскай дыкастэрыі – Сакратарыяту па камунікацыі, яе прэфект кс. Дарыё Вігано прааналізаваў здзейсненую за гэты час працу, выказаў сваё стаўленне да рэформы ватыканскіх СМІ і падзяліўся сваім бачаннем сучаснай камунікацыі.

Святар перакананы, што рэформа ватыканскіх СМІ закранае не столькі канкрэтныя структуры, колькі працэсы камунікацыі і працы. “Рэформа адбываецца ў тым, што нябачна”, - сказаў ён, маючы на ўвазе працэс стварэння і распаўсюджвання навінаў. “Праца ўжо не будзе індывідуальнай, але ў камандзе, і гэта вельмі важна”, - дадаў кс. Вігано.

На рэформу ватыканскіх СМІ ўплывае і існуючы гістарычны кантэкст, які вызначаецца адчувальнай прысутнасцю і вялікім уплывам на інфармацыйныя працэсы лічбавых сродкаў камунікацыі. Яны прымушаюць дзейнічаць у іншай перспектыве, якую прэфект назваў “Спачатку – карыстальнік”. Неабходна адкінуць думку, нібы мы з’яўляемся цэнтрам, на які ўсе глядзяць і да якога прыслухоўваюцца, патлумачыў кс. Вігано. Трэба шукаць сваіх суразмоўцаў, слухачоў, улічваць іх пачуцці і пажаданні, аналізаваць тэхнічныя сродкі, якімі карыстаюцца. “Я ўпэўнены, што мы павінны пазбавіцца высакамернасці аднабаковай камунікацыі і ўсвядоміць, што закліканы прапаведаваць Евангелле Міласэрнасці канкрэтным людзям, якія жывуць, пагружаныя ў мностве крыніц інфармацыі”, - сказаў прэфект.

Ухваліў кс. Вігано і запуск старонкі Святога Айца ў Instagram, што, на думку святара, “дазваляе падтрымліваць жывым духоўны погляд на сваё жыццё”.

Прэфект Сакратарыяту па камунікацыі нагадаў, што ў рамках рэформы плануецца аб’яднаць усе ватыканскія сродкі камунікацыі ў адным мультымедыйным партале. На ім можна будзе знайсці відэа, падкасты, фотаздымкі, радыё. Будуць аб’яднаны таксама ватыканскія радыё і тэлебачанне. Адзіны партал будзе мець шматмоўныя і шматкультурныя рэдакцыі.

“Такім чынам, нас чакае важная праца па стварэнні “вэб-рэпутацыі” і пазіцыянаванні. Гэта будзе вельмі цікава – з адной з існуючых крыніц інфармацыі ператварыцца ў адзіную”, - падкрэсліў кс. Вігано.








All the contents on this site are copyrighted ©.