2016-06-29 12:48:00

У Ватыкане размаўлялі пра сацыяльна адказныя інвестыцыі


Касцёл для сваёй дабрачыннай дзейнасці патрабуе фінансавых рэсурсаў. Тым не менш, тэалагічны і эканамічны падыходы да гэтага простага правіла не такія простыя. У гэтым пераканаліся эканамічныя эксперты і каталіцкія палітыкі з розных краін, якія ўдзельнічалі ў арганізаванай у Ватыкане 26-28 чэрвеня 2016 г. канферэнцыі “Impact Investing”. Форум падрыхтавала Папская рада “Iustitia et Pax” сумесна з “Catholic Relief Service” з ЗША.

“Вядома, у пачатку пантыфікату Францішак сказаў, што хацеў бы “Касцёла беднага”, але гэта зусім не азначае, што Касцёл не павінен мець нічога, бо ён закліканы падтрымліваць людзей, таксама і фінансава”, - сказала ў інтэрв’ю Ватыканскаму радыё Каралін Ву, кіраўнік “Catholic Relief Service”. Яна патлумачыла, што “Impact Investing” прадугледжвае з аднаго боку прыбытак ад уласнасці, а з другога – рэалізацыю канкрэтных экалагічных і сацыяльных мэтаў.

“Касцёл аказвае сацыяльную дапамогу бесперапынна на працягу двух тысяч гадоў”, - сказала Ву, адзначыўшы, што дапамога Касцёла была асабліва высокай і адчувальнай на ўзроўні грамадства ў апошнія 150 гадоў, асабліва для бедных слаёў насельніцтва за межамі Еўропы. Такім чынам, свет не можа забывацца, што Касцёл дапамагае даўно і ў розных грамадскіх колах. “Цяпер гаворка ідзе пра тое, каб любымі сродкамі дапамагаць у “лячэнні” бягучых праблем”, - сказала кіраўнік амерыканскай каталіцкай дабрачыннай арганізацыі, дадаўшы, што эканоміка існуе для таго, каб дапамагаць усім людзям без выключэння.

Папа Францішак 29 чэрвеня 2016 г., падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”, падзякаваў арганізатарам і ўдзельнікам канферэнцыі і заклікаў, каб прыватныя і грамадскія інвестыцыі дапамаглі пераадолець беднасць і маргіналізацыю вялікай колькасці насельніцтва планеты.








All the contents on this site are copyrighted ©.