2016-06-29 12:28:00

Пантыфік: Пётр і Павел сёння стукаюць у дзверы нашых сэрцаў


“Няхай шчырая і трывалая вера св. Пятра, вялікае і ўсеабдымнае сэрца св. Паўла дапамогуць нам быць радаснымі хрысціянамі, адданымі Евангеллю і адкрытымі на сустрэчу з усімі”, - пажадаў Святы Айцец вернікам падчас сваіх разважанняў перад малітвай “Анёл Панскі” на ватыканскай плошчы 29 чэрвеня 2016 г., ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла.

Папа звярнуў увагу на абсалютную рознасць гэтых вучняў Хрыста, што вынікае з чытанняў Дзеяў Апосталаў: св. Пётр – “пакорлівы рыбак”, св. Павел – “адукаваны настаўнік”. “Аднак, калі тут, у Рыме, мы ведаем Езуса, калі хрысціянская вера з’яўляецца жывой і істотнай часткай духоўнай спадчыны і культуры гэтай тэрыторыі, то толькі дзякуючы мужнасці гэтых двух сыноў з Блізкага Усходу”, - падкрэсліў Францішак значнасць жыцця і місійнай дзейнасці апосталаў Пятра і Паўла. З любові да Бога яны пакінулі сваю Радзіму і, не зважаючы на цяжкасці і рызыкоўнасць доўгага падарожжа, накіраваліся ў Рым, каб прапаведаваць Евангелле і прыняць мучаніцкую смерць за сваю веру.

“Святыя Пётр і Павел сёння ўяўна вяртаюцца да нас, зноў праходзяць вуліцамі гэтага горада, стукаюць у дзверы нашых дамоў і сэрцаў", - сказаў Пантыфік. Апосталы “жадаюць яшчэ раз прынесці Езуса, Яго міласэрную любоў, суцяшэнне і спакой. У гэтым мы маем вялікую патрэбу. Прымем жа іх пасланне! Зробім скарб з іх сведчання!” - заклікаў Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.