2016-06-28 14:01:00

У Ватыкане адзначылі 65-годдзе святарства Бэнэдыкта XVI


Урачыстая цырымонія з нагоды 65-годдзя прэзбітэрскага пасвячэння Папы на пенсіі Бэнэдыкта XVI адбылася 28 чэрвеня 2016 г. у Клеменційскай зале Апостальскага палаца ў Ватыкане. Са словамі віншавання да Яго Святасці звярнуўся папа Францішак.

Ён засяродзіўся на думцы, якую не аднойчы падкрэсліваў Ёзэф Ратцынгер у сваіх кнігах на тэму святарства: у жыцці, цалкам прысвечаным святарскаму служэнню, павінна панаваць любоў да Бога; яна павінна вызначаць сапраўдную тэалогію, якую Бэнэдыкт XVI невыпадкова вызначаў як “пошук Улюбёнага”.

Дэманструючы “позірк і сэрца, звернутыя да Бога”, Папа на пенсіі працягвае “служыць Касцёлу, не перастае энергічна і ўмела спрыяць яго ўзрастанню”, - перакананы Францішак. Сімвалічным бачыць Святы Айцец і месца сённяшняга прабывання Бэнэдыкта XVI – кляштар “Mater Ecclesiae” ў Ватыкане, “маленькі куток побач з Марыяй”. “Божы Провід пажадаў прывесці Яго Святасць у месца сапраўды “францішканскае”, з якога зыходзяць спакой, мір, сіла, давер, сталасць, вера, прысвячэнне”, - адзначыў Пантыфік і пажадаў Бэнэдыкту XVI і надалей “адчуваць руку міласцівага Бога, якая падтрымлівае”.

Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння кардынал Герхард Людвіг Мюлер, былы вучань Бэнэдыкта XVI, падарыў юбіляру кнігу “Вучыць і пазнаваць Любоў Бога” (“Die Liebe Gottes Lehren und Lernen”), спецыяльна выдадзеную да гэтай урачыстасці. Пурпурат прызнаўся, што ў гэтым выданні, прысвечаным святарству, “сказана ўсё”: “мы пакліканы вучыць таму, што ў сваю чаргу спасціглі праз Божую Любоў”. Са словамі віншавання і падзякі да Бэнэдыкта XVI звярнуўся таксама кардынал Анджэла Садана, дэкан Калегіі кардыналаў.

Ёзэф Ратцынгер атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне 29 чэрвеня 1951 г. у катэдральным касцёле ў Фрайзінгу з рук арцыбіскупа Мюнхенска-Фрайзінгскага, кардынала Міхаэля фон Фаўльхабера. На Пасад св. Пятра быў абраны ў красавіку 2005 г. Аб сваім рашэнні адмовіцца ад яго аб’явіў 24 лютага 2013 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.