2016-06-28 16:39:00

Святы Пасад: праз спорт будаваць грамадства справядлівасці


Святы Пасад прызнае ўнікальную ролю спорту і Алімпійскіх ідэалаў у будаўніцтве станоўчай міжнароднай сітуацыі, адзначыў арцыбіскуп Іван Юркавіч, пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях, у сваім выступленні 28 чэрвеня 2016 г. на 32-й сесіі Савета па правах чалавека, якая праходзіць у Жэневе.

У дакладзе, прысвечаным ролі спорту ў пашырэнні правоў чалавека, прадстаўнік Апостальскай Сталіцы падкрэсліў, што ў цэнтры любога спартыўнага мерапрыемства, побач са здаровым духам спаборніцтва, павінны прысутнічаць яго этычныя і культурныя каштоўнасці. “На жаль, сёння спорт часта атаясамліваецца з эканамічным аспектам, празмернай канкурэнцыяй, жорсткасцю і выключэннем тых, хто ‘не самы лепшы’”, - сказаў арцыбіскуп Юркавіч. Ён заклікаў усе краіны-ўдзельніцы Алімпійскіх гульняў аб’яднаць намаганні па ўмацаванні этычных прынцыпаў спорту і забеспячэнні безбар’ернага доступу да яго. Яскравым прыкладам адкрытасці спартыўнага свету для ўсіх без выключэння іерарх назваў Паралімпійскія гульні.

Сёння, як ніколі раней, свет мае патрэбу ў “пачуцці братэрства і салідарнасці”, дадаў ён. XXXI Алімпійскія гульні, якія ў жніўні 2016 г. будзе прымаць Рыа-дэ-Жанейра, арцыбіскуп назваў добрай нагодай для лепшага ўсведамлення патэнцыялу, якім валодае спорт у фарміраванні паважлівага стаўлення міжнароднай грамадскасці да правоў чалавека. Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы нагадаў, што Святы Пасад, у знак сваёй зацікаўленасці ў гэтым пытанні, запланаваў на кастрычнік 2016 г. правядзенне ў Ватыкане канферэнцыі на тэму “Вера і спорт”.

У дакладзе арцыбіскупа Юркавіча прагучаў заклік да ўсіх зацікаўленых бакоў пашыраць Алімпійскія ідэалы ў свеце, праз спорт будаваць масты паміж народамі і кантынентамі, выхоўваць паважлівае стаўленне да чалавечай годнасці і фарміраваць інклюзіўнае грамадства.








All the contents on this site are copyrighted ©.