2016-06-28 15:24:00

Бэнэдыкт XVI заклікаў будаваць свет жыцця


Папа на пенсіі Бэнэдыкт XVI выкарыстаў грэчаскае слова “Efharistomen” – “удзячнасць”, каб падзякаваць Святому Айцу Францішку, іерархам і вернікам за віншаванні, скіраваныя да яго з нагоды 65-годдзя святарскага пасвячэння, і адначасова праславіць бясконцую міласэрнасць Езуса, Які ператварыў свой Крыж і цярпенні ў падзяку і благаслаўленне – “Эўхарыстыю”.

Юбіляр узгадаў святара, які 65 гадоў назад разам з ім прымаў прэзбітэрскае пасвячэнне і на абразку ў памяць аб прыміцыйнай св. Імшы напісаў толькі адно слова – грэчаскае “Efharistomen”. “Я перакананы, што гэтым словам у яго шматлікіх значэннях сказана ўсё, што можна сказаць у гэты момант”, - адзначыў Бэнэдыкт XVI.

Папа на пенсіі падзякаваў свайму наступніку за дабрыню, якая вызначае ўвесь яго пантыфікат з першых дзён абрання на Святы Пасад. Бэнэдыкт XVI пажадаў Францішку “ісці наперад шляхам Божай Міласэрнасці, паказваючы дарогу Езуса – да Езуса, да Бога”.

Папярэднік Францішка падзякаваў кардыналу Анджэла Садана, дэкану Калегіі кардыналаў, за словы віншавання, якія да глыбіні кранулі яго сэрца, за сяброўства, якое працягваецца да сённяшняга дня. “Сэрца прамаўляе да сэрца” – так апісаў свае пачуцці Бэнэдыкт XVI. Ён прызнаўся, што пурпурат здолеў перадаць яго разуменне сутнасці святарскага служэння: “святар павінен несці людзям Святло Бога і Любоў Бога”.

Бэнэдыкт XVI выказаў удзячнасць Прэфекту Кангрэгацыі Веравучэння, кардыналу Герхарду Людвігу Мюлеру за працу па прэзентацыі напісаных ім тэкстаў аб святарстве, праз якія, прызнаўся Папа на пенсіі, ён імкнецца дапамагчы сваім братам нанова ўвайсці ў таямніцу, якую Бог усклаў на святарскія рукі. 

Падчас Літургіі вынікае больш глыбокае, хоць і схавае значэнне слова “Efharistomen”, дадаў Бэнэдыкт XVI. “Езус ператварыў свой Крыж, цярпенні і ўсё зло свету ў падзяку і благаслаўленне” і штодня дае нам хлеб сапраўднага жыцця, які пераўзыходзіць свет дзякуючы моцы Божай любові, патлумачыў ён і пажадаў, каб праз Божую моц кожны змяняў свет – каб быў светам жыцця, а не смерці.








All the contents on this site are copyrighted ©.