2016-06-27 11:40:00

Пантыфік правёў прэс-канферэнцыю на борце самалёта


“Для мяне, адзінства заўсёды дамінуе над канфліктам, але ёсць розныя спосабы быць разам. У ЕС нешта не працуе, патрэбна крэатыўнасць. Патрэбны новы Еўрапейскі саюз”, - сказаў Францішак 26 чэрвеня 2016 г. у гутарцы з журналістамі на борце самалёта па дарозе з Ерэвана ў Рым.

Першае пытанне датычыла “Brexit” і магчымасці распаду ЕС ці нават вайны. “У Еўропе мы ўжо маем справу з вайной. Акрамя таго, існуе атмасфера падзелу, і не толькі ў Еўропе”, - сказаў Пантыфік. На яго думку, аб’яднанай Еўропе патрэбна крэатыўнасць, здаровая індывідуальнасць, большая незалежнасць і свабода краін-членаў. ЕС варта падумаць над іншай формай саюза.

Іншае пытанне журналістаў тычылася рашэння аб выкарыстанні Святым Айцом слова “генацыд” у прамове ў Прэзідэнцкім палацы. Францішак прызнаўся, што ў Аргентыне, калі гаворка ішла пра вынішчэнне армян, заўсёды выкарыстоўвалі менавіта гэта слова. “Я заўсёды казаў пра тры генацыды мінулага стагоддзя: на армянах, нацысцкім і сталінскім”, - удакладніў ён. “Але ў мінулую пятніцу я хацеў адзначыць яшчэ адну рэч: у гэтым генацыдзе, як і ў выпадку двух іншых, вялікія сусветныя дзяржавы глядзелі у іншы бок”, - падкрэсліў Святы Айцец. Ён прапанаваў у гэтым кантэксце паставіць гістарычнае пытанне: чаму нічога не было зроблена? “Слова “генацыд” я ніколі не казаў каб некага пакрыўдзіць, але для аб’ектыўнасці”, - сказаў Францішак.

Журналісты пацікавіліся таксама адносна “маўклівай прысутнасці” Пантыфіка ў манументальным комплексе “Цыцэрнакаберд”, прысвечаным памяці ахвяр генацыду армян 1915 г. “Два гады таму я зрабіў тое ж у Рэдзіпулія, каб адзначыць сотую гадавіну вайны. У маўчанні. Я хацеў бы таксама паехаць у Аўшвіц, у месца жаху, не кажучы ні слова, без вялікай колькасці людзей, толькі з некаторымі (...). Без прывітання таго ці іншага. Аднаму, прыйсці і памаліцца, каб Пан даў мне ласку плачу”, - прызнаўся Францішак.

Адно з пытанняў, на борце самалёта было зададзена ў сувязі з апошнімі выказваннямі кардынала Рэйнхарда Маркса, які ў Дубліне сказаў, што Касцёл павінен папрасіць прабачэння ў гомасексуальных асоб за тое, што маргіналізаваў іх. Святы Айцец нагадаў вучэнне Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, дзе гаворыцца, што людзі не павінны падвяргацца дыскрымінацыі па любой прыкмеце. Ён адзначыў, што гаворка ідзе не пра палітычныя або ідэалагічныя справы, але пра людзей добрай волі з такой арыентацыяй, якія шукаюць жывой сувязі з Богам.

Журналісты спыталіся і пра стварэнне камісіі для вывучэння магчымасці ўстанаўлення так званых дыяканэс. Папа нагадаў, што не да канца вядома, якую функцыю ў старажытныя часы выконвалі дыяканэсы. Ён прызнаўся, што зараз разглядае кандыдатуры ў названую камісію. “Для мяне функцыя жанчын не настолькі важная, наколькі думка жанчын, (...) не можна прыняць правільнае рашэнне, не параіўшыся з жанчынамі, як я гэта рабіў у Буэнас-Айрэсе. Жанчыны бачаць рэчы ў іншым святле, а рашэнне ў рэшце рэшт заўсёды было вельмі плённым і прыгожым. Я хацеў бы падкрэсліць: больш важным з’яўляецца спосаб разумення, мыслення, погляду жанчын, чым іх функцыі”, - падкрэсліў Францішак.

Самалёт італьянскіх авіяліній “Alitalia” са Святым Айцом на борце зрабіў пасадку ў рымскім аэрапорце “Ciampino” 26 чэрвеня 2016 г. каля 20.30 па мясцовым часе.








All the contents on this site are copyrighted ©.