2016-06-25 12:01:00

Францішак маліўся ў мемарыяле генацыду армян


Першым пунктам другога дня папскага візіту ў Арменію 25 чэрвеня 2016 г. было наведванне манументальнага комплексу Цыцэрнакаберд. Ён прысвечаны памяці ахвяр генацыду армян 1915 г. і размешчаны ў Ерэване на ўзгорку з такой жа назвай.

Францішка і Гарэгіна II вітаў Прэзідэнт Арменіі Серж Саргсян. З ім яны прайшлі апошні этап дарогі, якая вядзе да помніка. Святы Айцец усклаў вянок да сцяны памяці і спыніўся ў малітоўным маўчанні. На адным з банераў віднела падзяка Пантыфіку за прызнанне генацыду армян. Ваенны аркестр выканаў гімн Дзяржавы Ватыкан.

Затым Пантыфік, Каталікос і Прэзідэнт спусціліся да вечнага агню. Малітву пачаў Гарэгін II, а затым усе сабраныя прамовілі на сваёй роднай мове “Ойча наш”. Біскуп Армянскай Апостальскай Царквы прачытаў урывак з Паслання да Габрэяў, а кардынал Леанарда Сандры, па-італьянску, урывак з Евангелля св. Яна. Папа ўзнёс малітву да Хрыста, каб праз заступніцтва Маці Божай, усіх святых Бог злітаваўся і дараваў грахі.

Ад вечнага агню Пантыфік, Каталікос і Прэзідэнт адправіліся ў сад, дзе Францішак пасадзіў дрэва ў памяць аб сваім візіце. На тэрасе прысутнічала група нашчадкаў пераследаваных армян, якія падчас генацыду засталіся ў жывых і былі размешчаны папам Бэнэдыктам XV у яго рэзідэнцыі ў Кастэль Гандольфа. 

Перад тым як пакінуць мемарыяльны комплекс, Святы Айцец заставіў запіс у залатой кнізе памяці. “У гэтым месцы я малюся з болем у сэрцы, каб ніколі не паўтарылася трагедыя, падобная гэтай, каб чалавецтва не забылася і было ў стане пераадолець зло дабром”, - напісаў ён.

Затым Пантыфік паехаў у аэрапорт у Ерэвана, адкуль на самалёце накіраваўся ў горад Гюмры.








All the contents on this site are copyrighted ©.