2016-06-25 12:55:00

Сэнс слова “генацыд” у разуменні Папы


Папа Францішак выкарыстаў слова “генацыд”, каб нагадаць пра раны і залячыць іх, а не для таго, каб нанова іх адкрыць; гэта памяць, неабходная для пабудовы міру ў будучым. Такі каментар даў кс. Фэдэрыка Ламбардзі, кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы, адносна прамовы, з якой Святы Айцец звярнуўся да прадстаўнікоў ураду Арменіі падчас сустрэчы 24 чэрвеня 2016 г.

Той факт, што Францішак выкарыстаў слова “генацыд”, якое ў падрыхтаваным тэксце прамовы не прадугледжвалася, прыцягнуў шмат увагі. Кс. Ламбардзі падкрэсліў, што кожная ўзгадка гэтай трагедыі вельмі кранае армян і выклікае ў іх пачуццё ўдзячнасці. Па словах прадстаўніка Святога Пасаду, “гэты народ нясе ў сабе глыбокія пакуты”, якія нярэдка былі прыняты за хрысціянскую веру.

Афіцыйны прадстаўнік Святога Пасаду патлумачыў таксама, які сэнс укладае Святы Айцец у неабходнасць ушанавання памяці жудасных падзей пачатку XX ст. “Памятаючы дрэннае, кожны бярэ ўрокі з гісторыі, перамяняецца, пазбаўляючыся памылковых паводзін, і бачыць усё тое, што павінен рабіць для дасягнення паяднання і міру ў будучым”, - сказаў кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы. Святы Ян Павел II называў гэта “ачышчэннем памяці”, калі казаў пра памылкі і правіны мінулага, дадаў кс. Ламбардзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.