2016-06-24 14:04:00

Папа ў Эчміядзіне: вера – складаная частка тоеснасці армян


Галоўны храм Армянскай Апостальскай Царквы ў Эчміядзіне стаў першым, куды накіраваўся 24 чэрвеня 2016 г. Папа пасля цырымоніі прывітання ў аэрапорце Ерэвана. Тут Францішка сустрэў Каталікос усіх армян Гарэгін ІІ і яны разам, пад званы і спеў хору, увайшлі ў храм. Там Прадстаяцелі пацалавалі крыж і кнігу Евангелля, пасля чаго накіраваліся да галоўнага алтара, дзе абняліся на знак спакою. Затым Францішак і Гарэгін ІІ разам маліліся словамі Псальму 122. Яны падзякавалі Богу за шлях да еднасці, пройдзены абедзвюма канфесіямі, падкрэсліўшы важнасць супольнага сведчання хрысціян.

“Вера ў Хрыста не была для Арменіі адзеннем, якое можна апрануць ці скінуць, паводле абставін ці выгады, але складанай часткай яе тоеснасці”, - падкрэсліў Францішак у сваёй прамове. “Свет, на жаль, пазначаны падзеламі і канфліктамі, а таксама цяжкімі формамі матэрыяльнай і духоўнай галечы, уключаючы эксплуатацыю людзей, нават дзяцей і пажылых, чакае ад хрысціян сведчання ўзаемнай павагі і братэрскага супрацоўніцтва, што дазволіць заззяць перад кожным сумленнем моцы і праўдзе Уваскрасення Хрыста”, - сказаў Папа.

Францішак назваў намаганні на карысць поўнай еднасці паміж хрысціянамі “ззяючым святлом пасярод цёмнай ночы і заклікам да жыцця ў любові і ўзаемнага паразумення”.

“Экуменічны дух набывае ўзорную каштоўнасць таксама і за бачнымі межамі эклезіяльнай супольнасці і з’яўляецца для ўсіх моцным заклікам уладзіць рознагалоссі праз дыялог і ацэнку таго, што яднае. Гэта не дапусціць інструменталізацыі і маніпуляцыі верай, бо абавязвае нанова адкрыць супольныя карані, размаўляць, абараняць і распаўсюджваць праўду з павагай да годнасці кожнай чалавечай асобы, каб заззяла прысутнасць той любові і збаўлення, якія мы імкнемся пашыраць”, - адзначыў Святы Айцец.

Па словах Францішка, свет патрабуе пераканаўчага сведчання таго, што Хрыстус жывы і дзейсны, здольны адкрываць усцяж новыя шляхі прымірэння паміж народамі, цывілізацыямі і рэлігіямі.

Пасля супольнай малітвы ў катэдральным саборы Францішак накіраваўся ў Апостальскі палац Эчміядзіну, дзе спыніўся на час свайго візіту ў Арменію.








All the contents on this site are copyrighted ©.