2016-06-24 13:16:00

Пантыфіка прывіталі ў ерэванскім аэрапорце


24 чэрвеня 2016 г. у 14.50 па мясцовым часе самалёт А321 Італьянскай авіякампаніі “Alitalia” з Папам на борце зрабіў пасадку ў міжнародным аэрапорце “Звартноц” у сталіцы Арменіі, Ерэване. 14-е замежнае падарожжа Францішка, падчас якога ён наведае Эчміядзін, Ерэван, Гюмры і Хор Вірап, працягнецца да 26 чэрвеня, і праходзіць пад дэвізам: “Візіт у першую хрысціянскую краіну”.

23 чэрвеня вечарам, як і перад кожнай паездкай за мяжу, Папа традыцыйна маліўся ў рымскай базыліцы Санта Марыя Маджорэ перад абразом Маці Божай “Salus Populi Romani”. Ужо ў 36-ы раз ён наведаў гэты рымскі храм пасля абрання на Пасад св. Пятра.

У аэрапорце “Звартноц” Святога Айца прывіталі Прэзідэнт Арменіі Серж Саргсян і Каталікос усіх армян Гарэгін ІІ. Двое дзяцей, апрынутых у нацыянальныя касцюмы, паднеслі Францішку хлеб і соль. Пасля маршу роты ганаровай варты, адбылося прадстаўленне дэлегацый. У цырымоніі прывітання ўзялі ўдзел прадстаўнікі епіскапату і дзяржаўных уладаў, а таксама група вернікаў. Яе ўпрыгожыў спевам дзіцячы хор.

Адразу пасля афіцыйнага прывітання, Пантыфік накіраваўся ў Эчміядзін – рэзідэнцыю першаіерарха Армянскай Апостальскай Царквы.








All the contents on this site are copyrighted ©.