2016-06-22 15:55:00

Пантыфік: Бэнэдыкт XVI – настаўнік “тэалогіі на каленях”


Бэнэдыкт XVI з’яўляецца самым вялікім прыкладам таго, як трэба займацца “тэалогіяй на каленях”, адзначыў папа Францішак у прадмове да зборніку тэкстаў свайго папярэдніка на Пасадзе св. Пятра, прысвечаных святарскаму служэнню. Выданне з’явіцца на паліцах кніжных крам Італіі ў кантэксце святкавання Папам на пенсіі 65-годдзя святарства.

Стаяць “на каленях”, “душой і целам няспынна маліцца за іншых”, пастаянна “заглыбляцца ў Бога з скіраваным да Яго сэрцам”, “як закаханы, які ў кожны момант думае пра сваю каханую” – менавіта гэта вызначальна для чалавека, які прысвяціў сябе Богу ў святарстве, а не яго здольнасці вырашаць "бягучыя справы", напісаў Францішак.

Гаворачы пра Бэнэдыкта XVI Папа адзначыў яго блізкую лучнасць з Хрыстом. “Бачна, што гэта чалавек, які па-сапраўднаму верыць, які па-сапраўднаму моліцца; бачна, што гэта чалавек, які з’яўляецца ўвасабленнем святасці, чалавекам спакою, чалавекам Божым. Акрамя таго, ён –  ўзорнае увасабленне сутнасці ўсяго святарскага служэння або такой глыбокай укаранёнасці ў Богу без якой арганізацыйныя здольнасці і ўяўная інтэлектуальная перавага, усе грошы і ўлада былі б бескарыснымі”,- падкрэсліў Пантыфік.

Па словах Святога Айца, Бэнэдыкт XVI увасабляе тыя сталыя адносіны з Панам Езусам, без якіх “нішто ўжо не з’яўляецца праўдай, усё становіцца руцінай, святары – нібыта функцыянерамі, біскупы – нібыта бюрактарамі, а Касцёл – ужо не Касцёлам Хрыста, а нашым прадуктам, нейкай няўрадавай арганізацыяй, у рэшце рэшт бескарыснай”.

Цытуючы свайго папярэдніка на пасадзе Біскупа Рыма, Францішак падкрэсліў, што “без лучнасці з Богам будзем як спадарожнікі, якія згубілі сваю арбіту і звар’яцела нясуцца ў пустату, не толькі распадаючыся самі, але і пагражаючы іншым”.

Бэнэдыкт XVI будзе адзначаць 65-годдзе свайго святарства 28 чэрвеня 2016 г. З гэтай нагоды у Апостальскім палацы Ватыкана пройдзе ўрачыстая сустрэча, у якой прыме ўдзел і папа Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.