2016-06-22 12:59:00

Кардынал пра экуменічны характар візіту Папы ў Арменію


Апостальскае падарожжа папы Францішка ў Арменію, якое пачнецца 24 чэрвеня, уяўляе сабой цудоўную магчымасць для ўмацавання братэрскіх адносін паміж Армянскай Апостальскай Царквой і Каталіцкім Касцёлам, нагадаў на старонках “L’Osservatore Romano” старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.

Кардынал Кох заўважыў, што Францішак наведае Арменію праз пятнаццаць гадоў пасля візіту ў гэту каўказскую краіну св. Яна Паўла ІІ. Цяперашняе падарожжа, аднак, мае “абсалютную навіну”: Папа ўпершыню прыняў запрашэнне спыніцца ў рэзідэнцыі прадстаяцеля іншай Царквы – у Эчміядзінскім палацы, сядзібе Каталікоса ўсіх армян. 

Для гэта ёсць дзве прычыны. Першая – носіць практычны характар, паколькі ў Ерэване няма Апостальскай нунцыятуры, а другая – экуменічны: Гарэгін ІІ пажадаў прыняць Пантыфіка з такой жа гасціннасцю, з якой Павел VI прымаў у Ватыкане, у 1970 г., тагачаснага прадстаяцеля Армянскай Апостальскай Царквы Вазгена І, прапанаваўшы яму спыніцца ў вежы св. Яна, на тэрыторыі Ватыканскі садоў.

Экуменічныя візіты спрыяюць не толькі тэалагічнаму абмену, але ствараюць таксама культуру сяброўства ў духу брацтва і евангельскага братэрства, з’яўляюцца заклікам перамагчы “культуру сутыкнення” і вызваліць месца для “культуры сустрэчы”, якая вучыць узаемнаму разуменню і дзейнасці на карысць адзінства, лічыць пурпурат.

Кардынал Кох заўважыў, што экуменізм падштурхоўвае таксама вучыцца адно ад аднаго. У сувязі з гэтым ён нагадаў пра нядаўняе абвешчэнне Доктарам Касцёла св. Грыгорыя з Нарэка, што з’яўляецца заклікам да паглыбленага знаёмства з духоўнымі скарбамі армянскага народа.

Адным з важных аспектаў экуменізму з’яўляецца малітва, таму падчас візіту яна будзе займаць істотнае месца. “Адзінства – гэта не толькі вынік чалавечых намаганняў, але дар Святога Духа”, - напісаў пурпурат. Ён нагадаў, што падчас сустрэчы з Гарэгінам ІІ, у 2014 г., папа Францішак заклікаў маліцца, каб Святы Дух асвяціў і прывёў хрысціян абедзвюх канфесій да жаданага дня, калі змогуць раздзяліць эўхарыстычную вячэру.

У кантэксце візіту ў Арменію будзе ўзгадвацца таксама пра “экуменізм крыві”, паколькі “мучаніцтва з’яўляецца характэрнай рысай армянскай тоеснасці”, якая канкрэтна выяўляецца ў “цудоўных каменных крыжах, што сустракаюцца ў кожным кутку краіны”. Кардынал Кох нагадаў, што Францішак вельмі часта звяртаецца да тэмы “экуменізму пакут”, у прыватнасці ў адносінах да армянскіх вернікаў.

Напрыканцы свайго артыкула пурпурат падкрэсліў, што візіт Папы ў Арменію будзе заклікам да канкрэтнай супольнай дзейнасці хрысціян на карысць міру і справядлівасці, сведчання аб каштоўнасцях, памяншэння пакут людзей, якіх пераследуюць за веру, будавання мастоў любові і супакою.








All the contents on this site are copyrighted ©.