2016-06-21 13:43:00

Святы Пасад папулярызуе энцыкліку “Laudato si’”


Гадавіна публікацыі “экалагічнай” энцыклікі папы Францішак “Laudato si’” была адзначана 20 чэрвеня 2016 г. правядзеннем каталіцка-праваслаўнай канферэнцыі ў рымскай базыліцы Санта-Марыя-ін-Монтэсанта. Падчас яе адбылася прэзентацыя зборніка дакументаў Патрыярха Барталамея І аб ахове навакольнага асяроддзя, а таксама спецыяльнага сайту, прысвечанага энцыкліцы Святога Айца. Яго прадставіў старшыня Папскай рады “Iustitia et pax” кардынал Пітэр Тарксан.

Інтэрнэт-партал www.laudatosi.va, працуе на пяці мовах: італьянскай, англійскай, французскай, партугальскай і іспанскай. Ён пакліканы паведамляць пра канкрэтныя досведы рэалізацыі ідэй, змешчаных у папскім дакуменце. На сайце будзе змяшчацца інфармацыя пра “станоўчыя ініцыятывы, якія, дзякуючы энцыкліцы, атрымалі новы імпульс і якія адлюстроўваць, як дакумент успрымаецца ў свеце, у тым ліку, за межамі эклезіяльнай сферы”.

Тут можна знайсці пералік канферэнцый і сустрэч на экалагічную і сумежныя з ёй тэматыкі, арганізаваных або праведзеных пры ўдзеле Святога Пасаду; спасылкі на дакументы, якія даюць этычную ацэнку асобным сацыяльным пытанням; публікацыі СМІ і тэксты афіцыйных дакументаў, які складаюць сацыяльнае вучэнне Каталіцкага Касцёла. 

Падчас прэзентацыі сайта кардынал Тарксан абагульніў змест энцыклікі “Laudato si’” у сямі пунктах: працягласць з навучаннем Папаў, калегіяльнасць, заклік да пакаяння і дыялогу, абарона навакольнага асяроддзя, экалагічнае навяртанне, новае экалагічнае грамадзянства, якое павінна стаць супольным клопатам усіх, заклік да сузірання. 

Энцыкліка аб экалогіі “Laudato si’” напісаная папам Францішкам, была апублікавана 18 чэрвеня 2015 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.