2016-06-20 14:16:00

Кананізацыя пяці благаслаўлёных пройдзе ў кастрычніку


Святы Айцец Францішак 20 чэрвеня 2016 г. узначаліў Звычайны кансісторый па кананізацыйных справах. Падчас яго было прынята рашэнне, адносна кананізацыі, 16 кастрычніка 2016 г. пяці благаслаўлёных: айца Саламона Леклерка з кангрэгацыі Братоў хрысціянскіх школ, мучаніка антыкаталіцкага пераследу эпохі Французскай рэвалюцыі; біскупа Мануэля Гансалеса Гарсія, заснавальніка Эўхарыстычнага саюзу ўзнагароджання і Кангрэгацыі Эўхарыстычных Місіянерак з Назарэту; кс. Людавіка Павоні, заснавальніка кангрэгацыі Сыноў Марыі Беззаганна Зачатай; кс. Альфонса Марыі Фуска, заснавальніка Кангрэгацыі Сясцёр св. Яна Хрысціцеля; сястры Элізабэты ад Найсвяцейшай Тройцы з Ордэну Кармэлітанак Босых. 

Акрамя таго, падчас кансісторыя чатыры кардыналы-дыяканы былі ўзняты да ступені кардыналаў-прэзбітэраў. Гаворка ідзе пра 80-гадовага амерыканскага кардынала Уільяма Джозэфа Леваду, прэфекта на пенсіі Кангрэгацыі Веравучэння; 81-гадовага славенскага кардынала Франца Родэ, прэфекта на пенсіі Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця; 90-гадовага італьянскага кардынала Андрэа Кардэра, архіпрэзбітэра на пенсіі базылікі св. Паўла за Мурамі і 92-гадовага французскага кардынала Альберта Вануа, былога сакратара Папскай Біблійнай Камісіі. Іх тытулярныя дыяканіі былі ўзняты “pro hac vice” да ступені тытулярных касцёлаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.