2016-06-19 12:51:00

Папа: свет як ніколі патрабуе Хрыста


Свет як ніколі патрабуе Хрыста, Яго збаўлення, Яго міласэрнай любові, сказаў папа Францішак 19 чэрвеня 2016 г. перад малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. Пантыфік заклікаў вернікаў даверыцца Хрысту, які ведае сэрца чалавека як ніхто іншы і таму можа яго аздаравіць, дорачы жыццё і суцяшэнне.

“Евангельскі ўрывак гэтай нядзелі (Лк 9,18-24) кліча нас яшчэ раз cустрэцца, як кажуць, “твар у твар” з Езусам, – сказаў Папа. – У адзін з рэдкіх спакойных момантаў, калі знаходзіўся сам са сваім вучнямі, Ён спытаў іх: “Кім лічыць Мяне народ?”. І яны адказалі: “Янам Хрысціцелем, іншыя – Іллёю, некаторыя ж кажуць, што адзін з даўніх прарокаў уваскрос”. Такім чынам народ меў павагу да Езуса і лічыў Яго вялікімі прарокам, але яшчэ не ўсведамляў Яго сапраўднай тоеснасці, таго, што Ён быў Месіяй, Божым Сынам пасланым Айцом дзеля збаўлення ўсіх.

Тады Езус звярнуўся непасрэдна да апосталаў – бо гэта Яго цікавіла найбольш – і спытаў: “А вы кім лічыце Мяне?”. Адразу ж, ад імя ўсіх, Пётр адказаў: “Месіяй Божым”, што значыць: Ты – Месія, Пасвечаны Божы, пасланы Ім збавіць Ягоны народ, згодна з Запаветам і абяцаннем. Так Езус зразумеў, што Дванаццаць, і асабліва Пётр, атрымалі ад Айца дар веры; таму пачаў казаць ім адкрыта пра тое, што чакала ў Ерузалеме. “Сын Божы – кажа, – павінен выцерпець шмат, што адцураюцца Яго старэйшыны, першасвятары і кніжнікі, і будзе забіты, і на трэці дзень уваскрэсне”.

Гэтыя ж пытанні сёння задаюцца кожнаму з нас: “Кім з’яўляецца Езус для народу нашага часу?” Але іншае большае важнае: “Кім з’яўляецца Езус для кожнага з нас: для мяне, для цябе?”. Мы пакліканы зрабіць адказ Пятра нашым адказам, з радасцю вызнаючы, што Езус – гэта Божы Сын, вечнае Слова Айца, якое ўцелавілася, каб збавіць чалавецтва, выліваючы на яго багацце Божай міласэрнасці. Свет як ніколі раней патрабуе Хрыста, Яго збаўлення, Яго міласэрнай любові. Шмат людзей заўважае пустату вакол сябе і ўнутры сябе. Магчыма часам і мы. Іншыя жывуць у заклапочанасці і небяспецы па прычыне нестабільнасці і канфліктаў. Усе мы маем патрэбу ў адказах адпаведных нашым канкрэтным пытанням. У Хрысце, толькі ў Ім, магчыма знайсці сапраўдны спакой і спаўненне кожнага чалавечага памкнення. Езус ведае сэрца чалавека, як ніхто іншы. Таму можа яго аздаравіць, дорачы жыццё і суцяшэнне.

Пасля заканчэння дыялогу з апосталамі, Езус звяртаецца да ўсіх, кажучы: “Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад самога сябе, штодня бярэ крыж свой і ідзе за Мною”. Гаворка не ідзе пра арнаментальны ці ідэалагічны крыж, але пра крыж жыцця, крыж уласных абавязкаў, крыж ахвяравання сябе за іншых з любові: за бацькоў, дзяцей, сяброў і нават ворагаў; крыж гатоўнасць быць салідарнымі з беднымі, уключыцца ў барацьбу за справядлівасці і мір. Прымаючы такое стаўленне, гэтыя крыжы, мы заўсёды штосьці губляем. Мы ніколі не павінны забываць, што “хто загубіць жыццё сваё дзеля [Хрыста], той уратуе яго”. Гэта згуба дзеля здабыцця. Будзем памятаць пра нашых братоў, якія яшчэ сёння спаўняюць гэтыя словы Езуса, ахвяруючы сваім часам, працай, высілкамі і нават жыццём, каб не адмаўляцца ад сваёй веры ў Езуса.

Няхай Езус праз свайго Святога Духа, дасць нам сілу ісці наперад па шляху веры і сведчання: рабіць тое, у што верым, а не казаць адно, а чыніць іншае. І на гэтым шляху нам заўсёды блізкая і нас апярэджвае Маці Божая: дазволім, каб яна нас узяла за руку, калі праходзім праз самыя цёмныя і складаныя моманты”.

Пасля марыйнай малітвы Францішак распавёў, што 19 чэрвеня 2016 г. адбылася беатыфікацыя італьянскай законніцы Марыі Чэлестэ Кростарозы, заснавальніцы ордэна Найсвяцейшага Збаўцы. Ён заклікаў маліцца, каб новая благаслаўлёная, сваім прыкладам і заступніцтвам, дапамагала вернікам упадабняць свае жыцці да жыцця Езуса.








All the contents on this site are copyrighted ©.