2016-06-19 11:04:00

Пантыфік да студэнтаў: рызыкуйце дзеля шляхетных ідэалаў


Сведчанне працягваецца толькі хвіліну, але з’яўляецца зернем, якое прыносіць плён, сказаў папа Францішак падчас візіту ў каталіцкі студэнцкі інтэрнат “Villa Nazareth” у Рыме. Пантыфік наведаў гэту структуру вечарам 18 чэрвеня 2016 г.. У мясцовай капліцы ён выслухаў разам з моладзю евангельскае апавяданне пра Добрага Самараніна, пасля чаго звярнуўся да прысутных.

Францішак нагадаў, што ў гэтай гісторыі апавядаецца пра збітага разбойнікамі юдэя, якія ляжаў пры дарозе. Яму дапамог чужынец, грэшнік, што напэўна зрабіла вялікае ўражанне на гаспадара заезду.

“Сведчанне гэтага грэшніка пасеяла ў сэрцы таго чалавека неспакой. Евангелле не кажа, што з ім стала потым. Але Святы Дух, калі сее, дбае таксама пра рост. Напэўна Ён паклапаціўся, каб у гэтым чалавеку расла зацікаўленасць, турбота. А затым, калі Самаранін прыйшоў у другі раз і хацеў заплаціць, магчыма ён пачуў: “не, гэта было за мой кошт”. Магчыма менавіта такім быў першы адказ на гэта сведчанне”, - сказаў Папа. Па словах Францішка, сведчыць – азначае жыць такім чынам, каб іншыя бачылі мае справы і хвалілі Айца, які ёсць у Небе.

Пантыфік заклікаў маліцца, каб Пан захаваў ад разбойнікаў, ад святароў, якія пастаянна спяшаюцца і ад вучоных, якія жадаюць прадставіць веру Езуса Хрыста з матэматычнай строгасцю. “Няхай Пан нас навучыць спыняцца, няхай навучыць нас мудрасці Евангелля, якая заключаецца ў тым, каб “пэцкаць рукі”, - дадаў ён.

Францішак пажадаў моладзі не заставацца інертнымі, але гатовымі рызыкаваць без страху памыліцца. “А калі памылюся? Благаславі Пана! Зробіш большую памылку, калі застанешся ў бестурботным стане. Гэта найгоршая памылка: закрытасць. Рызыкуй дзеля шляхетных ідэалаў! Рызыкуй, пэцкаючы сабе рукі! Рызыкуй, як Самаранін з прыпавесці!”, - сказаў Папа.

Адказваючы на пытанне пра сучасных мучанікаў, Пантыфік заўважыў, што такім можна станавіцца і ў штодзённым жыцці, калі не пагаджаешся з карупцыяй, не паддаешся пляткарству і іншых справам, несумяшчальным з хрысціянскай верай. 








All the contents on this site are copyrighted ©.