2016-06-18 11:03:00

Папа: знак пакаяння – выйсце насустрач братам


Пакаянню, якое ахоплівае сэрца і розум, прысвяціў сваю катэхезу папа Францішак 18 чэрвеня 2016 г. падчас пазачарговай агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра. Яна прайшла ў рамках трываючага Юбілейнага Году Міласэрнасці. На пачатку сустрэчы прагучаў урывак з Евангелля паводле св. Лукі, у якім Езус заклікае вучняў абвяшчаць у Яго імя “пакаянне дзеля адпушчэння грахоў усім народам” (Лк 24,45-48).

“Пасля свайго ўваскрасення, Езус некалькі разоў аб’яўляўся сваім вучням, перш чым узыйсці да хвалы Айца. Евангельскі ўрывак, які мы выслухалі, апавядае пра адно з такіх аб’яўленняў, падчас якога Пан адкрыў фундаментальны змест прапаведвання, якое апосталы павінны несці свету. Можам абагульніць яго ў двух словах: “пакаянне” і “прабачэнне грахоў”. Гэта два якасных аспекты міласэрнасці Бога, які ў сваёй любові, клапоціцца пра нас. Сёння мы разгледзім пакаянне", - сказаў Папа.

Францішак нагадаў, што пра пакаянне гаворка ідзе ва ўсёй Бібліі і асаблівым чынам у прапаведванні прарокаў, якія пастаянна заклікалі народ “вярнуцца да Пана”, просячы ў Яго прабачэння і змяняючы лад жыцця. “Каяцца, паводле прарокаў, азначае зняніць жыццёвы кірунак і нанова звярнуцца да Пана, грунтуючыся на ўпэўненасці, што Ён нас любіць, а Ягоная любоў заўсёды верная”, - падкрэсліў Пантыфік.

“Езус зрабіў “пакаянне” першым словам свайго прапаведвання: “Кайцеся і верце ў Евангелле”, што значыць паглядзіце і вярніцеся назад, навярніцеся. З такім абвяшчэннем Ён з’явіўся перад народам, просячы прыняць Яго слова, як апошняе і канчатковай слова, з якім Айцец звяртаецца да чалавецтва. У параўнанні з прапаведваннем прарокаў, Езус яшчэ больш настойвае на ўнутраным вымярэнні пакаяння. У яго ўключана ўся асоба, сэрцам і розумам, каб стаць новым стварэннем, новай асобай. Змяняецца сэрца і абнаўляецца чалавек”, - дадаў Святы Айцец.

Па словах Францішка, Езус кліча да пакаяння не як суддзя, але з блізкасцю і дзяленнем чалавечага стану. “Міласэрнасць да тых, хто патрабаваў змены жыцця здзейснялася з любячай прысутнасцю, каб уключыць кожнага ў Яго гісторыю збаўлення”, - падкрэсліў Папа.

“Езус пераконваў людзей сваёй любоўю і такім стаўленнем Ён дакранаўся да глыбінь іх сэрцаў і яны адчувалі сябе прывабленымі Божай любоўю і запрошанымі змяніць жыццё. Напрыклад, навяртанне Мацвея і Закхея адбылося менавіта такім чынам, бо яны адчулі сябе любімымі Езусам, і праз Яго, Айцом. Сапраўднае пакаянне адбываецца, калі мы прымаем дар ласкі; а ясным знакам яго сапраўднасці з’яўляецца тое, што мы разумеем патрэбы братоў і гатовы ісці ім насустрач”, - сказаў Пантыфік.

Напрыканцы сваёй катэхезы Папа заклікаў не супраціўляцца закліку Пана да пакаяння, калі адчуваем патрэбу ва ўнутранай перамене, бо толькі адкрыўшыся на Божую міласэрнасць можна знайсці сапраўднае жыццё і сапраўдную радасць.








All the contents on this site are copyrighted ©.