2016-06-17 14:54:00

Францішак падтрымаў дабрачынную ініцыятыву


Святы Айцец Францішак падтрымаў збор ахвяраванняў для рэалізацыі гуманітарных праектаў, арганізаваны Папскім фондам “Дапамога Касцёлу ў патрэбе”. Ён пройдзе з 17 чэрвеня па 4 кастрычніка 2016 г. у розных краінах свету.

Пантыфік заклікаў далучыцца да гэтай ініцыятывы з дапамогай адмысловага відэапаслання, а таксама стаў першым ахвярадаўцам сёлетняй акцыі. Яго унёсак будзе перададзены каталіцкай клініцы ў іракскім горадзе Эрбіле, якая аказвае бясплатную медыцынскую дапамогу каля 2,8 тыс. бежанцам, незалежна ад іх веравызнання.

Пантыфік заклікаў усіх людзей добрай волі “здзяйсняць учынкі міласэрнасці ў кожным горадзе, кожнай дыяцэзіі і кожнай арганізацыі”, слушна заўважыўшы, што існуе патрэба не толькі ў міласэрнасці Божай, але і чалавечай. “Мы маем патрэбу ў тым, каб працягваць адзін аднаму руку, прыхіляць, клапаціцца і не весці так шмат войнаў”, - сказаў ён.

Папа запрасіў далучыцца да фонду “Дапамога Касцёлу ў патрэбе”, каб чыніць учынкі міласэрнасці, якія будуць доўгатрывалымі. “Не бойцеся міласэрнасці: міласэрнасць – гэта Божая ласка”, завяршыў свой відэазварот Францішак.

Папскі дабрачынны фонд “Дапамога Касцёлу ў патрэбе” (“Kirche in Not”) быў заснаваны пасля Другой сусветнай вайны галандскім святаром Верэнфрыдам ван Страатэнам для аказання дапамогі бежанцам-каталікам з Еўропы. З часам структура распачала падтрымліваць таксама праекты дапамогі хрысціянскім супольнасцям па ўсім свеце. 








All the contents on this site are copyrighted ©.