2016-06-16 12:36:00

Святы Айцец: малітва – не магічныя словы


Малітва для хрысціян – гэта не магічныя словы, падкрэсліў папа Францішак 16 чэрвеня 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У сваёй гаміліі ён пракаментаваў евангельскі ўрывак, у якім Езус вучыў сваіх вучняў малітве “Ойча наш” (Мц 6, 7-15).

Папа падкрэсліў, што гаворка ідзе пра малітву да Айца, які “ведае ў чым мы маем патрэбу, перш чым мы Яго аб гэтым папросім”. Гэта Айцец, які “слухае нас будучы схаваным, у таемнасці”. Гэта Айцец, які дае тоеснасць сыноў Божых сваім дзецям: “Калі кажу “Ойча” сягаю да каранёў маёй тоеснасці: хрысціянскай тоеснасці Божых дзяцей, дзякуючы ласцы Духа”.

“Ойча” – гэта слова, якое Езус выкарыстоўваў у самыя моцныя моманты: калі быў напоўнены радасцю, эмоцыямі: “Праслаўляю Цябе, Ойча, што Ты адкрыў гэта дзецям”; або плачучы, перад магілай свайго сябра Лазара: “Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне”; а затым, напрыканцы, у апошнія моманты свайго жыцця”, - заўважыў Францішак.

Паводле Папы, малітва без адчування сябе дзецьмі, без звароту да Бога са словам “Айцец”, з’яўляецца язычніцкай і толькі малітвай на словах. Малітва да Айца – гэта вуглавы камень. Калі мы няздольныя пачаць малітву гэтым словам, яна не будзе добрай.

Францішак заўважыў, што калі называем Айца “нашым” – гэта значыць, што з’яўляемся братамі, сям’ёй і павінны прабачаць усіх, забываючы крыўды.

“Добра час ад часу рабіць рахунак сумлення адносна гэтага. Для мяне Бог – гэта Айцец? Ці адчуваю Яго Айцом? Калі не адчуваю Яго такім, павінен папрасіць Святога Духа, каб навучыў мяне гэтаму. Ці здольны я забываць пра крыўды, прабачаць, пакідаць іх у мінулым, а калі не, прасіць Айца: “таксама і гэта твае дзеці, яны зрабілі мне кепска... навучы мяне прабачаць. Будзем рабіць такі рахунак сумлення і гэта будзе для нас вельмі добра”, - заклікаў Папа.

Напрыканцы сваёй гаміліі Францішак паўтарыў, што словы “Ойча” і “наш” даюць сыноўскую тоеснасць і сям’ю, каб ісці наперад у жыцці. 








All the contents on this site are copyrighted ©.