2016-06-16 14:59:00

Ватыканскі іерарх на форуме Сусветнай лютэранскай федэрацыі


Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству прымае ўдзел у кангрэсе Сусветнай лютэранскай федэрацыі – найбуйнейшага глабальнага аб’яднання нацыянальных і рэгіянальных Лютэранскіх Цэркваў. Форум праходзіць 15-21 чэрвеня 2016 г. у нямецкім Вітэнбергу. 

Акрамя высокага ватыканскага госця ў сустрэчы прымае ўдзел генеральны сакратар Сусветнай Рады Цэркваў, пастар Олаф Твейт і генеральны сакратар Сусветнай Супольнасці Рэфармацкіх Цэркваў, пастар Крыс Фергюсан. 

У адкрыцці пасяджэння і набажэнстве для пілігрымаў удзельнічаў таксама Прэзідэнт Германіі Іахім Гаўк. Палітык падкрэсліў, што Сусветная лютэранская федэрацыя з’яўляецца адным з самых галоўных партнёраў ААН у вырашэнні праблемы бежанцаў. На дадзеным момант яна аказала падтрымку каля 1,3 млн. асобам, вымушаным пакінуць родную зямлю.

Кардынал Курт Кох, у размове з журналістамі адзначыў збліжэнне паміж Каталіцкім Касцёлам і Лютэранскімі Цэрквамі. Старадаўнюю спрэчку аб “гандлі індульгенцыямі” ён назваў “непатрэбнымі дэбатамі ў гісторыі хрысціянства”. Католікі і пратэстанты аднолькава лічаць, што збаўленне з’яўляецца Божым дарам, дадаў ён.

Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству станоўча ахарактарызаваў запланаваны Каталіцкім Касцёлам і Лютэранскімі Цэрквамі супольны ўспамін 500-годдзя Рэфармацыі. Ён пройдзе з удзелам папы Францішка 31 кастрычніка 2016 г. у двух шведскіх гарадах: Лундзе і Мальмё.








All the contents on this site are copyrighted ©.