2016-06-14 14:28:00

Папа прывітаў дыпламаваных абаронцаў непаўналетніх


Першыя выпускнікі курса па абароне непаўналетніх пры Папскім Грыгарыянскім універсітэце паспяхова закончылі вучобу і атрымалі дыпломы. Урачыстая цырымонія прайшла 14 чэрвеня 2016 г. у Рыме. Папа Францішак скіраваў да яе ўдзельнікаў сваё пасланне. 

У першую чаргу ён падзякаваў выкладчыкам курса. “Вы робіце вялікі ўклад у прафілактыку і лячэнне раны злоўжыванняў у адносінах да непаўналетніх”, - напісаў Папа. Звяртаючыся да новых дыпламаваных спецыялістаў, Францішак пажадаў ім быць адважнымі і цярплівымі, мужнымі і ініцыятыўнымі і падзяліўся ўпэўненасцю, што яны “сустрэнуць шмат усмешак і ўдзячнасці”. 

Новы накірунак па абароне непаўналетніх у Папскім Грыгарыянскім універсітэце пачаў дзейнічаць у лютым 2016 г. Прайсці навучанне на ім выказалі жаданне 19 студэнтаў з чатырох кантынентаў: Афрыкі, Еўропы, Амерыкі і Азіі. Падчас вучобы яны набылі веды і здольнасці неабходныя для выяўлення сігналаў сексуальных злоўжыванняў, распрацоўкі прафілактычных мер і вядзення адносін з ахвярамі.

Ініцыятыва была ўведзена ў рамках агульнай стратэгіі Каталіцкага Касцёла па барацьбе з сексуальнымі злоўжываннямі адносна непаўналетніх. Падобны курс будзе праводзіцца штогадова. На яго будуць набіраць 18-20 студэнтаў: святароў, законнікаў, законніц і свецкіх вернікаў з розных краін свету.








All the contents on this site are copyrighted ©.