2016-06-13 14:26:00

У Ватыкане пройдзе кансісторый па кананізацыйных справах


20 чэрвеня 2016 г. папа Францішак узначаліць Звычайны кансісторый па кананізацыйных справах. Аб гэтым паведаміла 13 чэрвеня 2016 г. Служба папскіх літургічных цэлебрацый. Кансісторый распачнецца малітвай Літургіі гадзін. На яго збяруцца кардыналы, прысутныя ў гэты час у Рыме.

У Зале кансісторыяў Апостальскага палаца пурпураты на чале з Пантыфікам разгледзяць справы кананізацыі благаслаўлёных: айца Саламона Леклерка, з кангрэгацыі Братоў хрысціянскіх школ, мучаніка антыкаталіцкага пераследу эпохі Французскай рэвалюцыі; біскупа Мануэля Гансалеса Гарсія, заснавальніка Эўхарыстычнага саюзу ўзнагароджання і Кангрэгацыі Эўхарыстычных Місіянерак з Назарэту; кс. Людавіка Павоні, заснавальніка кангрэгацыі Сыноў Марыі Беззаганна Зачатай; кс. Альфонса Марыі Фуска, заснавальніка Кангрэгацыі Сясцёр св. Яна Хрысціцеля; сястры Элізабэты ад Найсвяцейшай Тройцы, з Ордэну Кармэлітанак Босых.

Раней Папа даручыў Кангрэгацыі па справах Кананізацыі публікацыю дэкрэтаў аб сапраўднасці цудаў, здзейсненых праз заступніцтва гэтых благаслаўлёных.








All the contents on this site are copyrighted ©.