2016-06-12 14:45:00

Святы Пасад у АБСЕ пра дыскрымінацыю хрысціян у Еўропе


АБСЕ і Савет Еўропы павінны працаваць разам, хоць яны адрозніваюцца кампетэнцыямі і складам дзяржаў. Асабліва гэта тычыцца інтэграцыі мігрантаў і пашырэння цярпімасці, заявіў 9 чэрвеня 2016 г. у Вене прадстаўнік Апостальскай Сталіцы ў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. АБСЕ прымала ў гэты дзень генеральнага сакратара Савета Еўропы, нарвежскага палітыка Турб’ёрна Ягланда.

Кс. прэлат Януш Урбанчык звярнуў увагу на вялікі прыток людзей у Еўропу, выкліканы ўцёкамі ад вайны, пераследамі або беднасцю. На думку Святога Пасаду, важна глядзець на мігрантаў не толькі з пункту гледжання іх рэгулярнага або нерэгулярнага статусу, але перш за ўсё як на людзей, якія, пры ўмове павагі да іх годнасці, могуць унесці свой уклад у агульны росквіт і развіццё. Гэта адбываецца тады, калі яны бяруць на сябе адказнасць за тых, хто іх прымае, паважаюць матэрыяльную і духоўную спадчыну краіны знаходжання, выконваюць яе законы і ўносяць свой уклад у яе выдаткі, сказаў ватыканскі дыпламат, спасылаючыся на сёлетняе папскае пасланне на Сусветны дзень мігрантаў і бежанцаў.

У справе пашырэння цярпімасці кс. Урбанчык сказаў: “Мая дэлегацыя са шкадаваннем адзначае, што ў Еўропе можна ўбачыць агульны рост расізму і нецярпімасці, уключаючы антысемітызм і дыскрымінацыю ў дачыненні да мусульман. Хрысціяне таксама пакутуюць ад нецярпімасці і дыскрымінацыі, калі знаходзяцца і ў большасці, і ў меншасці, і часта гэта застаецца незаўважаным”. 

Як адзначыў прадстаўнік Святога Пасаду ў АБСЕ, у ліку асноўных прычын такога становішча спраў на нашым кантыненце знаходзіцца маргіналізацыя рэлігіі і сацыяльная варожасць у адносінах да яе. А хрысціянства з’яўляецца асноўнай рэлігіяй у Еўропе. “Таму Святы Пасад заклікае як АБСЕ, так і Савет Еўропы звяртаць адпаведную ўвагу таксама на дыскрымінацыю і нецярпімасць у дачыненні да хрысціян у Еўропе”, - сказаў кс. Урбанчык. Ігнараванне гэтага можа паставіць пад пагрозу стабільнасць міжнароднай супольнасці, што прывядзе да насілля і канфліктаў у больш шырокім маштабе, дадаў ён.








All the contents on this site are copyrighted ©.