2016-06-11 13:36:00

Святы Айцец пра сакрамэнтальнае жыццё для няпоўнаспраўных


Людзі з абмежаванымі магчымасцямі павінны ў поўнай меры ўдзельнічаць у жыцці парафій, асацыяцый і касцёльных рухаў. Яны патрабуюць падвойнай увагі: як суб’екты навучання веры і актыўныя ўдзельнікі грамадскага жыцця. Так лічыць папа Францішак. 11 чэрвеня 2016 г. у Ватыкане ён сустрэўся з супрацоўнікамі Сектару катэхізацыі няпоўнаспраўных Італьянскай нацыянальнай катэхізатарскай службы. Структура святкуе сёлета сваё 25-годдзе.

Шмат чаго ўжо зроблена у душпастырстве няпоўнаспраўных, але трэба ісці наперад, напрыклад, у напрамку большай увагі да апостальскага і місійнага патэнцыялу гэтых асоб. Бо менавіта “ў слабасці і крохкасці схаваныя скарбы, якія могуць аднавіць нашы хрысціянскія супольнасці”, перакананы Францішак.

У Касцёле, заўважыў ён, прысутнічае ўважлівае стаўленне да людзей з абмежаванымі магчымасцямі, тым не менш, каталіцкія супольнасці павінны шукаць спосабы іх сапраўднага і поўнага ўключэння. І гэта патрабуе не толькі спецыяльных праграм, але ў першую чаргу прызнання і прыняцця, што кожны чалавек унікальны і непаўторны, і любая форма выключэння, гэта заўсёды збядненне для супольнасці. Тут важна працаваць з семямі, якія павінны знайсці ў Касцёле сапраўдны “дом”, дзе іх прымуць з іх цяжарам болю і стомленасці.

Папа ўзняў і тэму допуску людзей з абмежаванымі магчымасцямі да сакрамэнтаў. Гэтыя людзі “закліканы да паўнаты сакрамэнтальнага жыцця”, нават тыя, хто пакутуе ад сур’ёзных псіхічных расстройстваў. Францішак назваў сумным той факт, што ў некаторых выпадках у гэтым пытанні ў Касцёле застаюцца сумневы, супраціў і нават адмова. Такое стаўленне дэманструе неразуменне сэнсу сакрамэнтаў. Хрысціянская супольнасць заклікана працаваць, каб кожны ахрышчаны чалавек мог перажываць Хрыста ў сакрамэнтах, падкрэсліў Францішак.

Ён заклікаў да ўключэння людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў падрыхтоўку і перажыванне літургічных цэлебрацый. Гэта будзе сур’ёзным укладам у фарміраванне мыслення, вольнага ад прадузятасці да няпоўнаспраўных, ад іх сацыяльнай ізаляцыі і маргіналізацыі.

Пантыфік падзякаваў супрацоўнікам Сектару катэхізацыі няпоўнаспраўных за іх 25-гадовае служэнне найбольш уразлівым асобам.

Трэба нагадаць, што ў гэтыя дні ў Рыме і Ватыкане праходзіць “Юбілей няпоўнаспраўных” у рамках Святога Году Міласэрнасці. Асобы з усяго свету пачуюць катэхезы на сваіх мовах у некалькіх рымскіх касцёлах. Каля Замка св. Анёла для іх будзе арганізавана канцэртная праграма. Тут жа будуць разбіты так званыя “Намёты міласэрнасці”, у якіх прадстаўнікі розных душпастырскіх ініцыятыў і валанцёры падзеляцца досведам евангелізацыі сярод людзей абмежаванымі магчымасцямі і хворых. Нядзельную св. Імшу для іх узначаліць Папа. Дапамагаць падчас літургіі будуць юнакі з сіндромам Дауна і асаблівасцямі псіхічнага развіцця. Літургічнае чытанне прагучцць з вуснаў невідушчай дзяўчыны, якая будзе карыстацца шрыфтам Брайля. Усе тэксты будуць перакладацца на міжнародную жэставую мову.








All the contents on this site are copyrighted ©.